Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая ноч пратэсту ў Беларусі. Больш гвалту, страляніны і барыкадаў. Адзін загінулы


Вечар 10 жніўня ў Гомлі, каля плошчы Леніна і Драматычнага тэатру
Вечар 10 жніўня ў Гомлі, каля плошчы Леніна і Драматычнага тэатру

Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня па краіне працягнуліся масавыя пратэсты, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі.

Пратэсты і гвалтоўныя разгоны дэманстрантаў адбываліся ў шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Бабруйску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бярозе, Мазыры.

Пратэст у Віцебску
Пратэст у Віцебску

Найбольш паведамлялі пра пратэсты і затрыманьні ў Менску. Два асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля плошчы Бангалор, пад унівэрсамам «Рыга», і між станцыямі мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманьні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і Маяку Менску.

Барыкады каля ўнівэрсаму «Рыга» у Менску, перад поўначчу
Барыкады каля ўнівэрсаму «Рыга» у Менску, перад поўначчу

Барыкады на «Рызе» сілавікі разьбіралі прынамсі чатыры разы — дэманстранты адыходзілі, затым вярталіся і будавалі новыя.

Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду прынамсі да 2 ночы.

Міністэрства ўнутраных справаў прызнала сьмерць аднаго пратэстоўца — каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сьцьвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час сілавікі стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі.

Журналісты сьцьвярджаюць, што людзі ў вайсковай форме стралялі прыцэльна па іх, хоць яны былі ў камізэльках «Прэса», самае моцнае раненьне атрымала карэспандэнтка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская — прабітая нага, але костка не перабітая.

Дзеяньні сілавікоў адносна дэманстрантаў сталі больш агрэсіўнымі, спэцсродкі сталі ўжывацца часьцей, але і дэманстранты сталі часьцей будаваць барыкады, кідаць розныя прадметы ў сілавікоў. Відавочцы ў Берасьці бачылі, як у сілавікоў запусьцілі фаервэрк, а ў Менску казалі, што бачылі прынамсі адзін «кактэйль Молатава», які дэманстранты кінулі ў бок сілавікоў, і самаробную піратэхніку, якую кідалі ў машыны-вадамёты. Адносна апошняга пратэстоўцы казалі, што «гэта адказ на тое, што ў іх кідалі гранаты».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG