Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня па выніках прэзыдэнцкіх выбараў
Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня па выніках прэзыдэнцкіх выбараў

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

Паводле міністра, зь ёй цяпер усё ў парадку.

«Адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае пастаянную сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву. Цяпер яна адпачывае. Прэзыдэнт быў праінфармаваны аб прыбыцьці Ціханоўскай у Літву ў аўторак», – паведаміў пазьней BNS прадстаўнік прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы Антанас Бубняліс.

Пазьней Сьвятлана Ціханоўская апублікавала відэазварот да беларусаў.

Прэс-сакратарка штабу Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што пакуль асабіста не змагла зь ёй зьвязацца, але заявіла, што ад’езд Ціханоўскай «нічога не мяняе». «Яна зрабіла, што змагла, падняла і натхніла народ, дамаглася электаральнай перамогі. Далей людзі будуць дзейнічаць безь яе, яны пратэстуюць не за Ціханоўскую, а за сябе, свае семʼі і свой народ», — сказала Красуліна.

Давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова заявіла, што з краіны яе вывезьлі беларускія ўлады разам з начальніцай штабу Марыяй Мароз.

10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у Цэнтральную выбарчую камісію скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасьля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак.

Ціханоўская з паплечнікамі ўвайшла ў ЦВК каля 16-й гадзіны. Праз тры гадзіны з ЦВК выйшаў Максім Знак з паплечнікамі. Паводле яго, «прадстаўнікі дзяржаўных органаў» правялі зь Ціханоўскай размову, на якой ён не прысутнічаў. Кандыдатку ў прэзыдэнты нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасьць дзеяньняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам. Ён кажа, што кандыдатка ў прэзыдэнты на волі і сама пракамэнтуе ўсё пазьней.

Каля 21.30 прэс-сакратарка штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што Ціханоўская, пасьля таго як выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. Якое рашэньне прыняла кандыдатка, у штабе ня ведаюць.

Марыя Калесьнікава паведаміла журналістам каля 22.00, што Ціханоўская падавала скаргу з Максімам Знакам: «Мне вядома, што Сьвета сказала, што яна хоча быць са сваімі дзецьмі, і што яна пакінула будынак ЦВК празь іншы ўваход».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG