Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затрымалі некалькіх журналістаў, адзін зь іх бачыў у ізалятары каля 200 затрыманых


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дакладная колькасьць затрыманых у Віцебску падчас пратэстаў 9 жніўня пакуль не вядомая. Адзін з затрыманых журналістаў расказаў Свабодзе, што бачыў у ізалятары каля двухсот затрыманых.

На гэты момант дакладна вядомыя прозьвішчы 4 затрыманых у Віцебску:

  • Зьміцер Казакевіч, журналіст тэлеканалу «Белсат»; магчыма, сёньня яго будуць судзіць;
  • Ігар Мацьвееў, няштатны карэспандэнт мясцовага выданьня «Народныя навіны»;
  • Алег Паўлаў, актывіст, затрыманы за тое, што ішоў зь бел-чырвона-белым сьцягам;
  • Вячаслаў Лазараў, журналіст тэлеканалу «Белсат», сёньня раніцай яго адпусьцілі.

Як сказаў Свабодзе Вячаслаў Лазараў, ён бачыў у ізалятары агулам каля дзьвюх сотняў затрыманых 9 жніўня, можа, нават і больш.

Лазараў распавёў, што яго затрымалі ўвечары 9 жніўня, адразу забралі камэру, папрасілі выдаліць усё, што ёсьць на флэшцы, і адвезьлі ў ізалятар. Ён распавёў, што сярод затрыманых былі каля 40 дзяўчат.

Журналіст апавядае, што правёў усю ноч у камэры, дзе былі прыкладна чалавек 50, прытым што сядзячых месцаў каля 10, усе астатнія стаялі. Іх выклікалі па адным і забіралі.

Лазарава адпусьцілі пад раніцу без складаньня пратаколу, вярнулі камэру. Ён думаў, што ягоны калега Зьміцер Казакевіч таксама ўжо на волі, але, як высьветлілася, яго будуць судзіць. Працэс, магчыма, адбудзецца ў Чыгуначным судзе Віцебску, але дакладна не вядома. Магчыма, судзьдзя выедзе ў ізалятар.

У ізалятары зь імі абыходзіліся досыць ветліва, але тое, што ён бачыў, яго вельмі непрыемна ўразіла: паводле яго, амапаўцы паводзілі сябе агрэсіўна і зьбівалі маладых людзей. Ён бачыў, што ў некаторых былі разарваныя майкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG