Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Пракоп’еў: Лукашэнка абвясьціў ужо адкрыты тэрор

абноўлена

Вадзім Пракоп'еў, рэстаратар

Беларускі рэстаратар і крытык Лукашэнкі Вадзім Пракопʼеў — пра пратэстны рух і неабходнасьць яднаньня.

— Мы размаўляем, калі завяршылася галасаваньне, і вы знаходзіцеся ля амбасады Беларусі ў Кіеве...

— Тут людзей шмат, яны паводзяць сябе як дысцыплінаваныя беларусы. Праяжджае машына і яны саступаюць дарогу, стаяць моўчкі ў чарзе. Яны салідарныя, але выказваюць гэта вельмі па-беларуску. Я б сказаў, што тэмпэрамэнту і тэстастэрону не хапала, нягледзячы на вялікі натоўп. Тацяна Мартынава і я паспрабавалі гэта нейкім чынам выправіць і цяпер атмасфэра значна больш вясёлая. Гучыць песьня Цоя. Я прывёз столькі плякатаў, колькі змог. На іх я напісаў роўна тое, што я думаю, што трэба бачыць «гэбэшнікам» праз шкляныя дзьверы беларускай амбасады ў Кіеве. Сярод людзей назіраюцца ажыўленьне і салідарнасьць.

— Якая ваша папярэдняя ацэнка таго, што адбываецца і можа адбыцца ў Беларусі?

— Лукашэнка абвясьціў беспардонны і цяпер ужо адкрыты тэрор. Гэта відавочна па таму, як затрымліваюць журналістаў, па таму, што адбывалася 8 жніўня. Перад маімі вачыма фота, як душаць жанчыну на ходніках. Я вельмі хачу гэтаму «ціхару» «прашаптаць» на вушка, хачу даведацца ягонае прозьвішча і нумар жэтону. Там усе вылучыліся, але гэты мне асабліва цікавы.

Мы ведалі, што будуць праблемы з інтэрнэтам, зьдзекі і фальсыфікацыі, што фальсыфікацыі будуць маштабнымі. Гэта сьмешна, бо гэтая фальсыфікацыя зьяўляецца вельмі вясковай. Мы іх злавілі за руку шмат разоў — ад бюлетэняў, якіх не хапіла, да пажарнай лесьвіцы да выбарчага ўчастку. Я думаю, што лукашэнкаўскі штаб (падазраю ён знаходзіцца недзе паміж Шэйманам і КДБ) цяпер у разгубленасьці і бездапаможны, нягледзячы на тое, што тэхналёгіі адпрацаваныя даўно.

У людзей у галаве не ўкладваецца, наколькі беспардоннымі могуць быць фальсыфікацыі. Гэта ня проста мечаныя карты, гэта проста робіцца ўсё навідавоку. Ёсьць адзін ролік, які я намерана не выпусьціў. Я гэта зрабіў, бо адчуў, што людзі сталі выказвацца — Сьвятана Алексіевіч, Уладзімер Мацкевіч. Але ў прынцыпе ў беларускай інтэлігенцыі часам спрацоўвае «стакгольмскі сындром» больш чым у іншых. Недаравальна займацца фаталізмам і мэлянхоліяй. У гэты момант павінна быць толькі яднаньне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG