Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амбасадзе Беларусі ў Празе здарыўся інцыдэнт, які прыпыніў галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах


Алена Ціхановіч (сьпераду) у чарзе галасаваць у амбасадзе Беларусі ў Празе

У амбасадзе Беларусі ў Празе падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня здарыўся інцыдэнт, празь які амбасада на нейкі час перастала пускаць людзей усярэдзіну.

Апавядае Алена Ціхановіч, супрацоўніца беларускай рэдакцыі Свабоды, якая пайшла галасаваць у беларускую дыпляматычную місію ў Празе:

«Чарга ў амбасаду Беларусі ў Празе вельмі доўгая: у момант, калі мы размаўляем, сабраліся каля 300 чалавек. Але прапускная здольнасьць амбасады вельмі малая. Калі ўлічыць, што на кожнага чалавека патрэбна больш-менш 5 хвілін, то за гадзіну праходзяць 12–15 чалавек. Ня так даўно мы пачулі нейкія крыкі і галасы з будынку амбасады. Выявілася, што хтосьці насуперак распараджэньням пранёс тэлефон і зрабіў здымак свайго бюлетэню. Пасьля гэтага адбыўся інцыдэнт з аховай, чалавека выставілі, і ўся чарга, якая стаіць тут пад сонцам, была пакараная тым, што часова пропуск увогуле прыпынілі. Ня ведаю, колькі гэта было хвілін, пятнаццаць ці дваццаць, але проста нікога ня бралі, чарга затармазілася».

Алена Ціхановіч адзначыла яшчэ адзін аспэкт галасаваньня ў амбасадзе ў Празе:

«Людзі, якія адтуль выходзяць, расказваюць пра яшчэ адзін момант. Кажуць, што шчыліна ў гэтай скрынцы для бюлетэняў настолькі вузкая, што калі вы склалі свой бюлетэнь гармонікам, вы ня можаце яго прасунуць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG