Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольныя заўзятары, студэнты і выпускнікі журфаку БДУ запісалі звароты перад выбарамі


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў цэнтры Менску 8 жніўня
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў цэнтры Менску 8 жніўня

Заўзятары розных беларускіх футбольных клюбаў і выпускнікі журфаку БДУ запісалі звароты да ўладаў перад выбарамі.

Чальцы клюбаў заўзятараў у звароце патрабуюць «сумленнай гульні» як на полі, так і ў палітычным жыцьці краіны.

«Можна прызначыць несправядлівае пэнальці — і скрасьці ў каманды перамогу ў матчы. Можна не залічыць голу, забітага па правілах — і скрасьці ў каманды права на ўдзел у чэмпіянаце сьвету. Можна ня выдаліць з поля агрэсіўнага гульца, а праз 5 хвілінаў ён скрадзе ў іншага магчымасьць гуляць у футбол. Усё гэта мы, футбольныя заўзятары, бачым амаль кожны год і мірымся з гэтым як зь неад’емнай часткай любімай гульні.

А яшчэ можна скрасьці права выбіраць сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. І мірыцца з гэтым мы ня маем права!» — гаворыцца ў звароце.

Заўзятары падкрэсьліваюць, што падтрымліваюць розныя каманды, але ўсе яны пры гэтым застаюцца беларусамі, якія «хочуць бачыць сумленную гульню ва ўсім», і нагадваюць, што «ў жыцьці, як і ў футболе, шляхетныя ўчынкі сумленных людзей шануюцца нашмат больш, чым праявы страху, маладушнасьці і сквапнасьці». Зварот заканчваецца словамі «Жыве Беларусь!»

Студэнты і выпускнікі журналісцкага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту запісалі відэазварот, у якім падтрымліваюць свабоду слова і сумленныя выбары.

Таксама яны апублікавалі адкрыты зварот, у якім падкрэсьліваюць, што «народ Беларусі мае права зрабіць свой выбар самастойна, а не пад ціскам».

Яны зьвяртаюцца да калегаў-журналістаў, якія працуюць у дзяржаўных СМІ і незалежнай прэсе, выказваюць заклапочанасьць рэпрэсіямі супраць калег зь незалежных СМІ, і салідарнасьць з тымі, што працуе ў дзяржаўных СМІ і стаў «закладнікамі сытуацыі».

Яны адзначаюць, што калі «сытуацыя будзе пагаршацца, Беларусь рызыкуе страціць журналістыку канчаткова», і зьвяртаюцца да праваахоўнікаў з просьбай не перашкаджаць законнай дзейнасьці СМІ, да рэдактараў, начальства прэс- і PR-службаў — стварыць камфортныя ўмовы для журналістаў, не перашкаджаць іх законнай дзейнасьці.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG