Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай напярэдадні выбараў


Затрыманьні падчас мірнай акцыі 15 діпеня ў Менску
Затрыманьні падчас мірнай акцыі 15 діпеня ў Менску

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 8 жніўня выступілі з сумеснай заявай да ўладаў і праваахоўнікаў, кандыдатаў у прэзыдэнты і грамадзян, у якой заклікалі да стрыманасьці і непрымяненьня гвалту, паведамляе «Вясна».

Як адзначаецца ў заяве, сёлетняя выбарчая кампанія актывізавала беларусаў па ўсёй Беларусі і паставіла іх перад рашэньнем «найважнейшых для краіны пытаньняў» — як жыць далей і як разьвіваць краіну. «У многіх гэты выбар не супадае, але толькі разам мы — народ, якому належыць улада ў краіне», — дадаюць праваабаронцы.

У сувязі з магчымымі акцыямі пратэсту ў гарадах Беларусі ў бліжэйшыя дні яны зьвяртаюцца з заклікам:

да дзяржаўных органаў і службовых асобаў — забясьпечыць людзям рэалізацыю права на мірныя сходы, у тым ліку на акцыі пратэсту, якое замацаванае ў беларускай Канстытуцыі,

да арганізатараў і ўдзельнікаў акцый пратэсту — выказваць сваю пазыцыю выключна мірна і не ўжываць гвалт ні да праваахоўнікаў, ні да грамадзянскіх асобаў.

да праваахоўнікаў

  • абараняць удзельнікаў мірнага сходу ад любых людзей і групаў (у тым ліку магчымых правакатараў), якія могуць паспрабаваць сарваць мірны сход, абцяжарыць яго правядзеньне ці ператварыць яго ў масавыя беспарадкі;
  • не разганяць мірныя сходы ў выпадку гвалтоўных дзеяньняў з боку невялікай групы іх удзельнікаў (правакатараў), але прыняць меры менавіта да гэтай групы людзей,
  • не затрымліваць і не ўжываць фізычную сілу да грамадзян толькі за факт іх удзелу ў мірным сходзе.

«Мы заклікаем усіх удзельнікаў магчымых супрацьстаяньняў вырашаць любыя спрэчныя сытуацыі толькі шляхам дыялёгу і перамоваў», — гаворыцца ў заяве.

На момант публікацыі заяву падпісалі:

  • РПГА «Беларускі Хэльсынкскі Камітэт»;
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасьць і права»;
  • Беларускі ПЭН-цэнтар;
  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
  • Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве Human constanta;
  • РГА «Прававая ініцыятыва».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG