Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цесьця пасадзілі, муж хаваецца, у бацькоў АМАП шукаў самагон. Як выжывае сям’я прыхільнікаў Ціханоўскай


Юры Кавалёў

Кацярына Кавалёва з мужам Арцёмам жыве ў Чачэрску. У іх двое малых дзяцей: 4 месяцы і 4 гады. Цяпер яны бяз таты — ён хаваецца ад міліцыі, і бязь дзеда — яго схапіў АМАП, і ён атрымаў 15 сутак.

Кацярына Кавалёва расказала Свабодзе пра падзеі апошніх дзён, калі іхная маладая сям’я трапіла пад «аблаву АМАП».

Цесьця Кацярыны Юрыя Кавалёва, які агітаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, схапілі 3 жніўня пры невядомых абставінах. Пазьней сям’я даведалася, што яго асудзілі на 15 сутак. Прычына затрыманьня і арышту дагэтуль невядомая. Цяпер ён у ізалятары часовага ўтрыманьня Гомля.

Арцём Кавалёў
Арцём Кавалёў

«У той дзень АМАП і „ціхары“ прыехалі і да нашага дому. Мой муж Арцём (сын Юрыя Кавалёва. — РС) „усё зразумеў“ і пасьпеў уцячы. Міліцыя прыходзіла да яго сябра — шукалі Арцёма», — расказала Кацярына.

Яна кажа, што муж актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. За гэта цяпер яго перасьледуюць.

«5 жніўня міліцыя наведала ўжо маіх бацькоў, якія таксама жывуць у Чачэрску, з пастановай на вобшук памяшканьня. Падтрымаць міліцыю прыехалі трое амапаўцаў. Яны прыехалі шукаць самагон! Я трымаю на руках 4-месячнага сына, гляджу ў вочы і пытаюся ў аднаго з амапаўцаў: «Вам ня сорамна?» А ён усьміхаецца і кажа: «Не, ня сорамна», — расказала Кацярына.

Самагону ў яе бацькоў не знайшлі. Кацярына Кавалёва кажа, што міліцыя працягвае шукаць яе мужа.

Свабодзе не ўдалося дазваніцца да начальніка аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталя Прыстромава, каб атрымаць інфармацыю аб прычыне арышту Юрыя Кавалёва і пошуках ягонага сына Арцёма.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG