Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежных назіральнікаў масава не пускалі на ўчасткі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня


Участак для галасаваньня, 4 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

Каардынатар кампаніі «Права выбару-2020» Алесь Сілкоў расказаў вечарам 4 жніўня на Youtube-канале Аб’яднанай грамадзянскай партыі пра вынікі першага дня датэрміновага галасаваньня: за адзін дзень было скаргаў і інцыдэнтаў з палову ад таго, колькі раней было за цэлыя кампаніі.

Паводле Алеся Сілкова, за 4 жніўня незалежныя назіральнікі падалі 374 скаргі, зь іх 218 — на выдаленьне з участкаў. Раней за цэлыя кампаніі інцыдэнтаў і скаргаў было 700–800, адзначае ён. Незалежныя назіральнікі трапілі на 42 участкі, але «з кожнай гадзінай іх становіцца ўсё меней».

На думку Сілкова, «паводзіны камісіяў у першы дзень галасаваньня паказваюць, што ім ужо даведзеная лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, і яна будзе завышаная ў разы». Там, дзе не дапусьцілі незалежных назіральнікаў глядзець на сам працэс галасаваньня, пачынаюцца моцныя разыходжаньні ў яўцы.

Сілкоў прывёў прыклад «рэкорднага» ўчастка 29 у Ленінскім раёне Магілёва: паводле назіральнікаў «Права выбару», за дзень прыйшлі галасаваць 40 чалавек, паводле камісіі — 112. На суседнім участку прагаласавалі 256 чалавек.

Падобныя разыходжаньні апісвала гомельскаму выданьню «Сильные новости» назіральніца, якую не пусьцілі на ўчастак 36 у школе №38: яна налічыла 39 чалавек у першы дзень галасаваньня, камісія — 102.

Іншы каардынатар «Права выбару», сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі кажа, што на ўчастак змог трапіць толькі кожны сёмы незалежны назіральнік.

Акрамя таго, дзьве траціны ўчасткаў не адпавядаюць патрабаваньням Сусьветнай арганізацыі здароўя, зьвязаным з пандэміяй каранавірусу, заяўляе Рымашэўскі. Ён згадвае, што колькасьць назіральнікаў на ўчастках скарацілі, «прыкрываючыся проціэпідэмічнымі захадамі», але не забясьпечылі чальцоў камісіяў маскамі і аднаразовымі пальчаткамі, участкі — сродкамі дэзынфэкцыі. Экспэрт Віктар Карняенка адзначыў, што згодна артыкулу 13 Выбарчага кодэксу, ні ЦВК, ні Міністэрства аховы здароўя ня мелі права абмяжоўваць колькасьць назіральнікаў.

Сілкоў кажа, што камісіі імкнуцца давесьці яўку на датэрміновае галасаваньне да 40%. Ён раіць назіральнікам пісаць скаргі ў раённую камісію і пракуратуру, калі ім не даюць знаходзіцца на тэрыторыі школаў, дзе ідзе галасаваньне, і дадае, што цяпер патрэбныя «спакойныя выбарнікі, якія ведаюць закон».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG