Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да менскай хрушчоўкі падагналі падʼёмнік, каб зьняць бел-чырвона-белы сьцяг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Да менскага пяціпавярховіка падагналі аўтавышку і зьнялі з балькона чыйсьці бел-чырвона-белы сьцяг. У міліцыі сказалі, што нехта напісаў заяву пра тое, што сьцяг абражае яго маральныя прынцыпы, піша Tut.by.

«Сьцяг вісеў там каля двух тыдняў. Сёньня днём да дома падʼехаў кран зь люлькай, сьцяг зьнялі. Рабочыя перадалі яго нейкім людзям у цывільным. У адным з вокнаў на першым паверсе вісіць налепка „Я-мы 97%“ — а зь ёй што зробяць, шыбу ўначы разабʼюць, ці што?», — сказаў відавочца.

Няясна, ці знаходзіўся ўладальнік сьцяга дома падчас гэтай апэрацыі. Відаць толькі, што дзьверы з балькона ў кватэру прыадчыненыя.

У гэтым жа доме месьціцца ўчастак для галасаваньня.

«Рэагаваньне з боку міліцыі было на паведамленьне ад грамадзяніна пра вывешаны сьцяг. Са слоў заяўніка, гэта абразіла яго маральныя прынцыпы і погляды. Супрацоўнікі міліцыі выбылі на месца, зьнялі сьцяг. Па дадзеным факце зараз праводзіцца праверка», — пракамэнтавала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.

У міліцыі не патлумачылі, ці ёсьць забарона на вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў прынцыпе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG