Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўчастках для галасаваньня ў Гомлі пройдуць канцэрты, спаборніцтвы, віктарыны і «рухомыя гульні»


Гамельчукоў запрашаюць на выбарчыя ўчасткі, каб прыняць удзел у «рухомых гульнях», канцэртах, віктарынах, кансультацыях спэцыялістаў, наведаць буфэт.

Кантэкст: раней кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што праз «эпідэміялягічную сытуацыю» колькасьць назіральнікаў на ўчастках будзе абмежаванай. Кіраўнік дзяржавы яшчэ месяц таму заявіў, што «каранавірус у нас пераможаны».


Выбарцам, якія прагаласуюць на ўчастку № 18 Цэнтральнага раёну Гомля абяцаюць канцэртную праграму «І ў сэрцы, і ў песьні — мая Беларусь», фонавую музыку, буфэт, кансультацыі спэцыялістаў сацыяльна-пэдагагічнай і псыхалягічнай службы па праблемах выхаваньня падлеткаў, кансультацыі натарыюса, моладзевую акцыю «Беларусь вачамі дзяцей», інтэрактыўная гульні «Рэбус для выбаршчыка» і «Цікавосткі Беларусі», выставу работ тэхнічнай творчасьці «Погляд у будучыню», рухомыя гульні «Спрытныя, сьмелыя і ўмелыя», віктарыну «Спазнай сваю краіну».

На ўчастку № 31 Чыгуначнага раёну пройдзе «канцэртная праграма творчых калектываў», спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку «Мама, тата, я — спартыўная сямʼя», будуць працаваць гульнявыя пляцоўкі. Для выбарцаў правядуць віктарыны і «літаратурныя гасьцёўні», выставу, майстар-клясы, мэдыцынскія і псыхалягічныя кансультацыі, будзе арганізавана праца «сьвяточнага гандлю» і бяспройгрышная лятарэя.

Кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына 22 ліпеня прапанавала праз каранавірус зьменшыць колькасьць назіральнікаў у асноўны дзень да пяці чалавек, на час датэрміновага галасаваньня — да трох. Прыярытэт будзе аддадзены назіральнікам, якія раней акрэдытаваліся.

У інтэрнэт трапіў аўдыёзапіс гутаркі супрацоўнікаў Полацкага райвыканкаму з праўладнымі назіральнікамі. Іх просяць у дні датэрміновага галасаваньня прыходзіць раніцай па тры чалавекі на свой участак, але заставацца на ўвесь дзень можа толькі адзін з іх. Астатніх будуць выклікаць у выпадку неабходнасьці.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG