Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўчастках у школах — спрэс настаўнікі, у дзіцячых садках — выхавальніцы. Хто ўваходзіць у выбарчыя камісіі


Архіўнае фота. На выбарчым участку, дзе ў 2019 годзе галасаваў на парлямэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка

Свабода разьбіралася, хто ачольвае ўчастковыя выбарчыя камісіі і чаму ў іх складзе пераважна прадстаўнікі аднаго працоўнага калектыву.

Статыстыкі, колькі, да прыкладу, сярод старшыняў участковых камісіяў дырэктараў школаў ці ідэолягаў, няма. Усяго створаныя 5723 участковыя камісіі, у іх склад увайшлі 63 347 чалавек.

Склад камісіяў фармавалі паводле «вытворчага прынцыпу»

На сайтах раённых адміністрацыяў ёсьць сьпісы ўчастковых камісіяў, дзе ў альфабэтным парадку пералічаныя прозьвішчы, імёны сяброў камісіі, а таксама пазначана, ад каго іх вылучылі. Але месца працы і пасады няма.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Гэтыя зьвесткі не адкрытыя. Афіцыйна іх няма. Таму хтосьці вывучае канкрэтныя сытуацыі, але гэта не сыстэматызавана. Ёсьць публічныя рашэньні райвыканкамаў са сьпісамі сяброў камісіяў. Але іх месца працы не абавязковае да пазначэньня. І гэта проста не пазначаецца.

Ёсьць, праўда, яшчэ суб’ект вылучэньня — як правіла, гэта праўладныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні кшталту „Белай Русі“ і БРСМ. Гэта ненармальна, але так ёсьць», — кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»​ Павал Сапелка.

Калі прааналізаваць склад выбарчых камісіяў, у большасьці зь іх заўважаецца «вытворчы прынцып» — калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў, сьцьвярджаюць назіральнікі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Адзначаюць яны і дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844 чалавек, вылучаных праўрадавымі партыямі і арганізацыямі (такімі, як БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, ФПБ) у склад УВК увайшлі 3717 чалавек (96,7% ад вылучаных).

Усе 13 сяброў камісіі — кіраўніцтва і настаўнікі адной гімназіі

Пераважная большасьць участкаў для галасаваньня разьмешчаныя ў школах ці іншых установах адукацыі. Свабода прааналізавала склад участковай камісіі № 60 Фрунзенскага раёну сталіцы.

Участак разьмешчаны ў будынку гімназіі № 13. Усяго ў камісіі 13 сяброў, выключна жанчыны. 12 вылучаныя ад праўладных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, і толькі адзін — ад грамадзян.

Старшыня камісіі — дырэктарка гімназіі Вольга Чарнавусава. Вылучыла яе «Белая Русь». Намесьніца старшыні камісіі — завуч Алена Асташова, сакратар — сакратарка дырэктаркі Сьвятлана Кудзіна. У складзе камісіі яшчэ два завучы, 7 настаўніц: выкладчыцы ангельскай мовы, хіміі, біялёгіі, працоўнага навучаньня, пэдагог-арганізатар, а таксама бібліятэкарка. То бок усе 13 працуюць у адным калектыве.

Выпускнікі сталічнай гімназіі запусьцілі ў сацыяльных сетках апытанку: «Хто вучыўся са мной у гімназіі, як думаеце, нашы настаўнікі будуць лічыць галасы сумленна?» Варыянты адказаў: «так», «не». З 22 удзельнікаў апытаньня 2 вераць, што "так", 20 ня вераць у сумленнасьць сваіх настаўнікаў.

«Брак у выбарчым заканадаўстве дакладных крытэраў для адбору кандыдатаў у склад участковых камісіяў прывёў на практыцы да стварэньня „стэрыльных“ камісіяў і абумоўлівае дыскрымінацыйны падыход органаў, якія ўтвараюць камісіі, да вылучэнцаў апазыцыйных палітычных партыяў», — тлумачыць сытуацыю праваабаронца Аляксей Лойка.

Вылучаліся рознымі шляхамі, а працуюць у адным дзіцячым садку

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка прааналізаваў склад выбарчых камісіяў у мікрараёне Копішча, дзе ён жыве. Створаныя ўсе тры па «вытворчым прынцыпе». Хоць іх сябры і вылучаліся рознымі шляхамі.

«Участкі для галасаваньня разьмешчаныя ў будынках дзіцячых садкоў. Зь дзьвюх камісіяў толькі трох чалавек я ня высьветліў, хто яны. Астатнія ўсе працуюць у гэтых жа садках, толькі нібыта вылучаліся рознымі шляхамі», — кажа Павал Сапелка.

Мікрараён Копішча прымыкае да сталічнага Ўручча, але тэрытарыяльна адносіцца да Менскага раёну. У камісіі № 26 (участак для галасаваньня месьціцца ў дзіцячым садку) — 10 чалавек. Чацьвёра вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў, па адным чалавеку — «Беларускім дзіцячым фондам», «Белай Русьсю», прафсаюзамі, «Беларускім саюзам жанчын». У складзе камісіі — загадчыца дзіцячага садку, 4 выхавальніцы, дзьве музычныя кіраўніцы, фізрук, заўгас і адна настаўніца Бараўлянскай школы № 2.

У камісіі № 27 (участак таксама ў дзіцячым садку) 6 чалавек з 10 вылучалі праўладныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні. І камісія створаная з пэрсаналу дзіцячага садку: намесьніца загадчыцы, тры выхавальніцы, музычныя і фізкультурныя кіраўнікі, псыхоляг.

А вось двух чалавек у штаце дзіцячага садка няма — старшыні камісіі Алега Казакова і А.Чырко. Дарэчы, Алег Казакоў ачольвае ўчастковую камісію ўжо другі раз, на парлямэнцкіх выбарах ён таксама быў за старшыню.

Дзе яны працуюць, ні юрысту Паўлу Сапелку, ні Свабодзе высьветліць не ўдалося. Тэлефоны, пазначаныя на сайтах, маўчаць. Працаваць яны будуць, калі пачнецца датэрміновае галасаваньне, — з аўторка.

«Навошта выбарніку ведаць, дзе працуюць сябры і старшыня камісіі?»

Як патлумачыла Свабодзе сябра тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Менскага раёну, якая сябе не назвала, выбарчае заканадаўства не прадугледжвае, што неабходна пазначаць месца працы сяброў участковых выбарчых камісіяў.

«Усё, што неабходна, — пазначана. А навошта вам ці выбарніку ведаць, дзе працуюць сябры і старшыня камісіі?» — запыталася яна.

На адказ, што, да прыкладу, у выбарчых камісіях № 26 і № 27, што ў дзіцячых садках мікрараёну Копішча, спрэс супрацоўнікі гэтых жа дзіцячых садкоў, сябра тэрытарыяльнай камісіі адказала так:

«Ну і што, што людзі з аднаго працоўнага калектыву? Робіцца ўсё так, таму што гэта вельмі зручна: людзі побач жывуць альбо працуюць, ім ня трэба дабірацца праз увесь горад. Вось і ў мяне ў камісіі амаль усе нашы супрацоўнікі. Калі трэба вырашыць нейкае пытаньне ці нешта зрабіць — вельмі зручна камунікаваць».

Дарэчы, і ў адну, і ў другую камісію падавалі дакумэнты прадстаўнікі ініцыятывы «Честные люди» (10 і 4 асобы адпаведна). Але ў склад іх не ўключылі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG