Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для людзей тысяча рублёў — недасяжная мара». Дзьмітрыеў стварыў сайт для падліку заробкаў беларусаў


Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў 31 ліпеня запусьціў у сеціве сайт zarobak.by — «За сумленны заробак для Беларусі», дзе кожны беларус можа ўказаць свой рэальны сёньняшні заробак.

Ідэю стварэньня сайту Андрэй Дзьмітрыеў патлумачыў у відэазвароце:

«Нядаўна я пачуў, як Лукашэнка сказаў, што ўжо выканаў сваё абяцаньне зарплаты „па пяцьсот“ і ва ўсіх у краіне цяпер сярэдні заробак — 1000 рублёў. Гэта хлусьня».

Ён дадаў, што калі ў межах перадвыбарчай кампаніі праехаў дзясяткі гарадоў, паразмаўляў з сотнямі і тысячамі людзей, запытваў у пра заробкі, яму паўсюль адказвалі — 500, 600 рублёў.

«І Лукашэнка яшчэ кажа, што мы едзем у Польшчу, каб зарабіць няшчасныя тысячу эўра. Ды для людзей у рэгіёнах (ды і ў Менску таксама) тысяча рублёў — гэта часта недасяжная мара, а ўжо ня тое, што тысяча эўра», — гаворыць Дзьмітрыеў.

Ён падкрэсьлівае, што палітыка Лукашэнкі прывяла да такіх заробкаў, і прапануе беларусам праз адмысловую форму на ягоным сайце рэгістраваць свае заробкі, каб паказаць, які рэальны заробак у беларусаў сёньня.

«Каб зрабіць так, каб ні стары, ні новы прэзыдэнт не маглі працягваць такую палітыку падману наконт заробкаў у Беларусі, а дамагаліся сапраўды высокага ўзроўню даходаў для людзей», — патлумачыў мэту новай ініцыятывы Дзьмітрыеў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG