Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непрадказальныя паводзіны і дзікія прэтэнзіі» Лукашэнкі, Ціханоўская як «выключная прэтэндэнтка» — заходнія СМІ пра Беларусь


Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве.

Беларусь і Расея як «блізкія, але наравістыя хаўрусьнікі», Лукашэнка як кіраўнік зь «непрадказальнымі паводзінамі і дзікімі прэтэнзіямі», які «заганяе сябе самога ў кут», і Святлана Ціханоўская як «выключная прэтэндэнтка», што зьбірае натоўпы людзей у гарадах і мястэчках, якія доўга лічыліся бастыёнамі Лукашэнкі, — гэтак пішуць вядучыя заходнія СМІ пра затрыманьні баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі ў Менску перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

«Лукашэнка мае рэпутацыю асобы зь непрадказальнымі паводзінамі і дзікімі прэтэнзіямі»

Амэрыканскае выданьне The New York Times, паведамляючы пра затрыманьні ў Менску, піша пра эскаляцыю напружаньня паміж Беларусьсю і Расеяй, называючы суседнія краіны «блізкімі, але наравістымі хаўрусьнікамі», якія раней былі "зьвязаныя агульнай насьцярожанасьцю да Захаду, але цяпер зь вялікай насьцярогай ставяцца адна да аднае.

The New York Times адзначае, што спадар Лукашэнка даўно абвінавачвае ў сваіх бедах іншаземцаў, але толькі нядаўна скіраваў сваю прапагандысцкую машыну супраць Расеі, а не заходніх дзяржаў, такіх як ЗША — колішняя ўлюбёная яго мішэнь.

Аўтар артыкула Эндру Гігінс дадае для сваёй аўдыторыі шырэйшы кантэкст, адзначаючы, што «спадар Лукашэнка, які мае рэпутацыю чалавека зь непрадказальнымі паводзінамі і дзікімі прэтэнзіямі, абвясьціў у аўторак, што быў заражаны каранавірусам, але цалкам паправіўся безь лячэньня. «Гэтае паведамленьне было ўспрынятае скептычна, бо яно пацьвердзіла яго даўнюю пазыцыю, што пандэмія не ўяўляе сур’ёзнай небясьпекі для грамадзкага здароўя», — піша Гігінс.

«Арышт дзясяткаў расейцаў падштурхоўвае палітычную напружанасьць паміж краінамі да новага максымуму»

Брытанская The Guardian акцэнтуе ўвагу на тым, што Лукашэнка, «які дамагаецца шостага тэрміну на выбарах падчас галасаваньня 9 жніўня, неаднаразова абвінавачваў Расею ў спробе прымусіць Беларусь адмовіцца ад постсавецкай незалежнасьці». Пры гэтым «на працягу свайго 26-гадовага праўленьня Лукашэнка абапіраўся на расейскія субсыдыі і палітычную падтрымку, але жорстка супраціўляўся намаганьням Масквы займець кантроль над эканамічнымі актывамі краіны», піша The Guardian.

Паводле выданьня, арышт дзясяткаў расейцаў, абвінавачаных у плянаваньні дэстабілізацыі Беларусі падчас выбарчай кампаніі, падштурхоўвае палітычную напружанасьць паміж краінамі да новага максымуму.

Выданьне цытуе Аляксандра Алесіна, незалежнага вайсковага экспэрта, які заявіў, што Беларусь даўно забясьпечвала транзытны калідор для расейскіх апэрацый за мяжой: «Беларускія спэцслужбы ведалі пра гэта, і да нядаўняга часу яны аказвалі дапамогу расейцам».

«Незразумела, куды Лукашэнка можа рухацца, не заганяючы сябе самога ў кут»

Амэрыканскі часопіс Foreign Policy, адказваючы на пытаньне ў загалоўку «Што рабілі расейскія найміты ў Беларусі?», гаворыць у тым ліку і пра «спэкуляцыі ўладаў наконт расейскага ўмяшаньня напярэдадні выбараў». На гэтых выбарах, паводле аўтараў, праціўнікі Лукашэнкі кідаюць яму «беспрэцэдэнтны выклік».

FP падае вэрсію беларускага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, «якое сьцьвярджала, што больш за 200 баевікоў, якія падтрымліваюць Расею, былі адпраўленыя ў Беларусь для яе дэстабілізацыі перад галасаваньнем 9 жніўня». Але, паводле Foreign Policy, многія экспэрты падазраюць, што найміты проста выкарыстоўваюць Беларусь як перавалачны пункт на шляху ў Судан, Сырыю ці Лібію.

Аўтарка артыкула Эймі Маккінан выказвае меркаваньне, што гэтыя арышты, праўдападобна, былі спробай з боку Лукашэнкі «нагнаць страху перад расейскім умяшаньнем, каб павялічыць падтрымку перад выбарамі». Маккінан канстатуе: «У перадвыбарчай кампаніі (пасьля арыштаў і нерэгістрацыі іншых альтэрнатыўных кандыдатаў) 65-гадовы прэзыдэнт сутыкаецца з выключнай прэтэндэнткай. Гэта Святлана Ціханоўская, жонка папулярнага арыштаванага блогера. Яна зьбірае натоўпы ў гарадах і мястэчках, якія доўга лічыліся бастыёнамі Лукашэнкі».

Эймі Маккінан піша, што гэтыя арышты, магчыма, дазваляюць Лукашэнку зрабіць нейкі «перадвыбарчы трук», але «незразумела, куды ён можа адгэтуль рухацца, не заганяючы самога сябе ў кут», бо калі «вызваліць баевікоў без судовага разбору», гэта «стане аплявухай як Украіне, так і Злучаным Штатам», а «абвінавачваньні ім могуць угнявіць Расею».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG