У праграме тэлеперэдач на сайце каналу «Беларусь-1» зьявіліся тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Іх пакажуць сёньня, 30 ліпеня, а 17-й гадзіне. Дэбаты будуць доўжыцца гадзіну.
На сайце МТІС дасюль старая праграма, у якіх дэбатаў няма.
Раней паведамлялася, што кандыдатка Ганна Канапацкая адмовілася ад дэбатаў зь іншымі кандыдатамі, спаслаўшыся на іх «слабасьць». Сябе ж яна назвала «галоўным канкурэнтам Лукашэнкі».
Аляксандар Лукашэнка звычайна не бярэ ўдзелу ў дэбатах, аднак стала вядома, што замест яго ўдзел возьме давераная асоба, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. Пра гэта палітык паведаміў у «Фэйсбуку», падкрэсьліўшы, што «сам зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай даць магчымасьць выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне».
Невядома, ці будзе ўдзельнічаць у дэбатах Сьвятлана Ціханоўская, якая сёньня плянавала ўдзельнічаць у вялікімі мітынгу-канцэрце ў менскім парку Дружбы народаў. Мітынг мае пачацца а 18-й гадзіне.