Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовую акрэдытацыю на прэзыдэнцкія выбары атрымалі 90 замежных журналістаў. Іншыя пакуль чакаюць 


Журналісты ў чарзе на агляд на "прэзыдэнцкім участку". 2015 год
Журналісты ў чарзе на агляд на "прэзыдэнцкім участку". 2015 год

Больш за 90 журналістаў замежных СМІ атрымалі часовую акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі для асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз.

«233 журналісты замежных СМІ акрэдытаваныя ў Беларусі на пастаяннай аснове і маюць тут гадавую акрэдытацыю, — удакладніў ён. — Яшчэ 92 атрымалі часовую акрэдытацыю, большасьць зь іх — для працы на выбарах прэзыдэнта».

Па словах Анатоля Глаза, яшчэ больш за дзясятак заявак чакаюць вынікаў разгляду камісіяй МЗС у справе акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ. Пакуль «у сілу аб’ектыўных прычын» камісію не ўдаецца сабраць, але пры першай жа магчымасьці яна адновіць працу.

Раней кіраўніцтва Цэнтравыбаркаму паведаміла, што праз распаўсюд каранавірусу сёлета праца журналістаў будзе істотна абмежаваная.

Прынамсі два журналісты — з Польшчы і Францыі — паведамілі Свабодзе, што падалі заяўкі ў МЗС Беларусі, але не атрымалі пазытыўнага рашэньня. Журналістка зь Нямеччыны, якая піша пра беларускія выбары, расказала, што ёй перашкаджае прыехаць у Беларусь пагроза каранавірусу і тое, што па вяртаньні давядзецца адбыць карантын.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG