Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказалі з нагоды 27 ліпеня Дзьмітрыеў, Канапацкая і Ціханоўская


Шэсьце ў гадавіну Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, 27 ліпеня 1992
Шэсьце ў гадавіну Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, 27 ліпеня 1992

Сёньня споўнілася 30 гадоў, як 27 ліпеня 1990 Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Што сказалі з нагоды гэтай даты кандыдаты на прэзыдэнта.

Ціханоўская: З днём незалежнасьці, Беларусь!

Кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зрабіла відэазварот па-беларуску.

«Сябры, беларусы, у кожнай краіны ёсьць свой дзень нараджэньня. Гэта сьвята для ўсіх — настаўнікаў і прадпрымальнікаў, чыноўнікаў і хатніх гаспадынь, пэнсіянэраў і студэнтаў. Дзень 27 ліпеня па праву прэтэндуе быць такім днём для Рэспублікі Беларусь. 30 гадоў таму мы аднавілі нашу дзяржаўнасьць. Незалежнасьць — гэта вельмі важна, і гэта крута — жыць у сваім доме, на сваёй зямлі. У нас выдатная краіна, цудоўныя людзі. Будзьма разам і разам пераможам. З днём незалежнасьці, Беларусь», — сказала кандыдатка.

Дзьмітрыеў: У выніку мы жывём у сваёй краіне, і гэта крута

Кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў з нагоды 30-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР правёў 26 ліпеня ў рамках выбарчай кампаніі мітынг у парку Дружбы народаў. Кандыдат сказаў Свабодзе, што лічыць памылкай, што альтэрнатыўныя кандыдаты разам ня зладзілі супольны сьвяточны канцэрт.

У сваім звароце ў Фэйсбуку 27 ліпеня Дзьмітрыеў напісаў, што «30 гадоў таму быў аб’яўлены сувэрэнітэт Беларусі. Потым 5 гадоў запар менавіта гэты дзень лічыўся днём Незалежнасьці. Хоць дэ-факта яе абвясьцілі яшчэ толькі праз год, 25 жніўня 1991 году. У выніку мы жывём у сваёй краіне, і гэта крута. Дзякуй усім, хто тады прыняў гэтыя рашэньні. Не прынцыпова, як і чаму. Галоўнае, што гэта адбылося».

Паводле кандыдата, «новы прэзыдэнт абавязкова верне такія важныя даты ў каляндар сьвяточных. Яму не трэба будзе ствараць ілюзію, што ўсе намаганьні да 1994 году нічога ня вартыя. Вартыя. Бо гэта пачатак нашай Незалежнасьці, нашай сучаснай Рэспублікі Беларусь».

Канапацкая: Наш сьвяты абавязак — захаваць і ўмацаваць незалежнасьць і перадаць яе нашчадкам

«З трыццацігодзьдзем прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, адной з найважнейшых падзей ХХ стагодзьдзя для нашай краіны», павіншавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку грамадзян Беларусі кандыдатка на прэзыдэнта Ганна Канапацкая.

«Трыццаць год таму, 27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет урачыста абвясьціў „поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі“... Гэта стала першым крокам да аднаўленьня поўнай незалежнасьці Беларусі, якое адбылося ўжо праз год зь невялікім, — 25 жніўня 1991 г., — наданьнем Дэклярацыі статусу канстытуцыйнага закону, і было замацавана Белавескімі пагадненьнямі ў сьнежні таго ж году. Незалежная дзяржава — найвышэйшая ступень існаваньня любой нацыі, найвялікшая яе каштоўнасьць. І таму зараз наш сьвяты абавязак — захаваць і ўмацаваць нашу незалежнасьць і перадаць яе нашым нашчадкам. Менавіта гэта будзе адным з самых галоўных маіх клопатаў на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. А таксама ў календары дзяржаўных сьвятаў абавязкова знойдзецца месца сёньняшняй знамянальнай даце — 27 ліпеня», — паабяцала кандыдатка.

А што Чэрачань і Лукашэнка

На сайце кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня няма ніякіх публікацый з нагоды 30-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі.

Як паведамляецца на сайце кіраўніка Беларусі і кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, ён знаходзіцца з рабочай паездкай у Нясьвіскім раёне. Заяваў Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 27 ліпеня ані сайт прэзыдэнта, ані дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы не падаюць.

  • З 1991 году Дзень незалежнасьці Беларусі адзначаўся 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990-м Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Рашэньне аб сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня было прынятае на рэфэрэндуме 1996 году, які прайшоў са шматлікімі парушэньнямі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG