Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура адмовілася высьвятляць, за якія сродкі Лукашэнка вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты 


Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку

Да рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты ў Аляксандра Лукашэнкі не было рахункаў для вядзеньня сваёй перадвыбарнай кампаніі. Пры гэтым праходзілі пікеты і сустрэчы з грамадзянамі. Адкуль грошы?

Адзін з магілёўцаў расказаў онлайн-часопісу «Магілёўская вясна», што папрасіў праверыць Генэральную пракуратуру сытуацыю, зьвязаную вылучэньнем Аляксандра Лукашэнкі кандыдадам на прэзыдэнта.

Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты толькі Лукашэнка не адкрыў выбарчы фонд і фармальна праводзіў сваю кампанію бяз сродкаў.

Пры гэтым прэтэндэнты на прэзыдэнцтва могуць выкарыстоўваць грошы на сваю кампанію толькі з выбарчых фондаў — у тым ліку на пікеты, сустрэчы з грамадзянамі і раздрукоўку матэрыялаў.

Магілёвец папрасіў праверыць Генпракуратуру, на якія грошы Лукашэнка праводзіў сваё вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.

«Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь забараняе выкарыстоўваць сродкі не з выбарчага фонду. Я папрасіў патлумачыць, якой была крыніца фінансаваньня ў Лукашэнкі. І ў выпадку парушэньня закону прыняць неабходныя захады ажно да адмены яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты», — расказаў аўтар звароту.

Генэральная пракуратура ў адказ паведаміла магілёўцу, што ня будзе разглядаць ягоны зварот.

«У заяве не прыводзіцца канкрэтных фактаў парушэньня заканадаўства, а довады носяць характар здагадак і нічым аб’ектыўным не пацьверджаныя», — коратка адрэагавала супрацоўніца ведамства Марына Папова.

Ужо пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты ў Лукашэнкі ўсё ж зьявіўся выбарчы фонд. Прычым грошай там аказалася куды больш, чым у іншых кандыдатаў, разам узятых — амаль 238 тысяч рублёў. У найбліжэйшай суперніцы Сьвятланы Ціханоўскай было крыху больш за 50 тысяч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG