Генэральная пракуратура Беларусі 24 ліпеня паведаміла аб выстаўленьні новага абвінавачаньня Віктару Бабарыку — былому старшыню «Белгазпрамбанку», які стаў палітычным зьняволеным падчас збору подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты.
Паведамленьне даецца як адказ «у сувязі з публікацыямі ў шэрагу СМІ аб абскарджаньні адвакатамі Бабарыкі выстаўленага яму абвінавачаньня». Сьцьвярджаецца, што ў час пракурорскага нагляду была правераная справа, якую расьсьледуе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.
Сабраныя ў справе доказы, паказаньні сьведак і іншых абвінавачаных, дакумэнты і носьбіты інфармацыі «далі падставу для выстаўленьня новага абвінавачаньня» — яго выставілі 24 ліпеня.
«Дзеяньні Бабарыкі В.Д. па атрыманьні ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў незаконных грашовых узнагародаў у агульнай суме больш за 28 млн рублёў і іх разьмеркаваньне сярод кіраўніцтва ААТ „Белгазпрамбанк“, праведзеныя ім як службовай асобай — старшынём праўленьня дадзенага банку, перакваліфікаваныя з ч. 2 арт. 431 на ч. 3 арт. 430 КК як прыняцьце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасьцяў у асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы, — піша Генпракуратура. — Акрамя таго, у новым абвінавачаньні канкрэтызаваныя асобныя акалічнасьці інкрымінаваных яму злачынстваў».
Чаму спачатку гаворка ішла пра артыкул аб атрыманьні, а цяпер — аб даваньні хабару, не тлумачаць. Расьсьледаваньне працягваецца.
Калі паводле ч. 2 арт. 431 пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі або ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі, то паводле ч. 3 арт. 430 — ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам.
Акрамя гэтых артыкулаў, Бабарыку таксама вінавацяць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў» паводле ч. 2 арт. 243 (пакараньне — абмежаваньне волі да 5 гадоў са штрафам або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў са штрафам) і ў «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» паводле ч. 2 арт. 235 (пакараньне — ад 4 да 7 гадоў пазбаўленьня волі).
«З мэтай удакладненьня абставінаў злачынных дзеяньняў» сьледчыя КДБ накіравалі запыт «кампэтэнтным органам» Латвіі, Эстоніі, Расеі, ЗША, Турэччыны, Брытанскіх Віргінскіх астравоў і Рэспублікі Кіпр.
Суду над Бабарыкам яшчэ не было, ён ня быў прызнаны вінаватым, а ягоныя дзеяньні не былі прызнаныя злачыннымі ў судзе.