Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ведаю сям’ю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў». Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай


Міхаіл Чыгір

Былы прэмʼер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір расказаў Радыё Свабода, чаму пагадзіўся стаць кіраўніком штабу Ганны Канапацкай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я ведаю сямʼю Канапацкіх не адзін дзясятак гадоў, бацьку, яе ведаю па сумеснай працы, адукаваны юрыст, працавалі ў адной фірме, добра ведаю. Таму вырашыў даць згоду, падтрымаць яе», — сказаў Міхаіл Чыгір.

Склад ініцыятыўнай групы Канапацкай пакуль не апублікаваны на сайце Цэнтравыбаркаму. Пра тое, што Міхаіл Чыгір узначаліў штаб Канапацкай, кандыдатка паведаміла ў Facebook.

Яна напісала, што ядром яе каманды будзе Міхаіл Чыгір, яе бацька Анатоль Трухановіч і сябра сойму Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Менавіта яны бралі ўдзел у напісаньні перадвыбарнай праграмы.

«Іх думка зьяўляецца ключавой пры прыняцьці рашэньняў», — напісала Ганна Канапацкая.

Паводле Міхаіла Чыгіра, у Ганны Канапацкай падрыхтавана нядрэнная праграма.

«А шанцы? Дрэнны той салдат, які ня марыць стаць генэралам, — кажа Міхаіл Чыгір. — У постсавецкіх краінах, за выключэньнем прыбалтыйскіх, усюды абіраюцца мужчыны. Хто можа пахваліцца вялікімі посьпехамі, апроч Прыбалтыкі, з былога саюзу? Можа, жанчына дапаможа нам стаць на ногі хутчэй? Можа, будзе меней мілітарысцкіх памкненьняў, усялякіх вучэньняў, занадта вялікіх па колькасьці сілавых структур. Жанчына бліжэй да зямлі і рэальнасьці».

Выбарчыя кампаніі, паводле Міхаіла Чыгіра, «заўсёды праходзілі складана».

«Але я як аптыміст веру ў лепшае, хаця ўпэўненасьці няма», — кажа Міхаіл Чыгір.

Міхаіл Чыгір пакуль ня ведае, ці будзе разглядацца плян абʼяднаньня штабу Канапацкай са штабамі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты.

Міхаіл Чыгір стаў прэм’ерам у 1994 годзе, у 1996 годзе ён не пагадзіўся з ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндумам і падаў у адстаўку. У 1999 годзе быў адным з ініцыятараў правядзеньня выбараў прэзыдэнта паводле Канстытуцыі 1994 году, у сакавіку 1999 году быў арыштаваны па эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу, стаў адным зь першых беларускіх палітвязьняў, быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG