Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як тэлеканал АНТ стаў рупарам праўладнай прапаганды


«Другі нацыянальны тэлеканал» ня толькі публікуе «расьсьледаваньні» пра злачынствы Віктара Бабарыкі, але і прымяншае колькасьць удзельнікаў выбарчых пікетаў.

«Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» ў Беларусі зьявілася ў 2002 годзе, вяшчаньне пачалося 25 чэрвеня. Ад самага пачатку свайго існаваньня АНТ заняло частоты расейскага «Первого канала».

На чале АНТ стаў даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік створанай пасьля абраньня першага прэзыдэнта Беларусі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Рыгор Кісель.

Рыгор Кісель
Рыгор Кісель

Пачынаўся з крытыкі і дыскусіі ў этэры

Першапачаткова АНТ практычна цалкам паўтарала сетку расіян, аднак паступова на канале зьяўлялася ўсё больш перадач уласнай вытворчасьці. У тым ліку ўнікальных для Беларусі.

Флагманскі прадукт тэлеканала — вечаровыя «Нашы навіны». Першы час навіны былі досыць крытычныя, факусаваліся на грамадзкіх праблемах, крытыкавалі чыноўнікаў і па сваім зьмесьце хутчэй нагадвалі незалежныя сайты, чым дзяржаўны тэлеканал. Аднак працягвалася гэта нядоўга.

Менавіта АНТ упершыню ў краіне ў канцы 2002 года запусьціла ўласнае ток-шоў «Выбар». Ягоным першым вядоўцам быў беларускі філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Ягонымі гасьцямі былі як незалежныя, так і праўладныя экспэрты, у праграме прысутнічала жывая вострая дыскусія. Аднак ужо ў сакавіку 2003 года Мацкевіча звольнілі.

Адбылося гэта перад ідэалягічнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімер Мацкевіч, першы вядоўца ток-шоў на АНТ
Уладзімер Мацкевіч, першы вядоўца ток-шоў на АНТ

«Калі рыхтавалася гэтая нарада пра ідэалёгію, было зразумела, што паўстане пытаньне пра ідэалёгію ў сродках масавай інфармацыі, і што праграма „Выбар“ у тым фармаце, як я яе рабіў і вёў, ня ўпісваецца ў тую ідэалягічную праграму, якую высунуў прэзыдэнт краіны перад СМІ, — расказваў тады Свабодзе Ўладзімер Мацкевіч. — І таму проста знайшлася нагода. Як мне сказалі, ёй стала публікацыя ў „БДГ“ майго разважаньня разам зь яшчэ трыма экспэртамі пра Выбарчы кодэкс. Я лічу, што гэта была фармальная нагода. Сапраўдная прычына палягала ў тым, як рабілася гэтая праграма. Сапраўды, на нарадзе прагучала крытыка на адрас перадачы пра мову».

На зьмену Мацкевічу прыйшоў Ягор Хрусталёў — і ток-шоў стала адпавядаць зьместу дзяржаўнага праўладнага тэлеканала.

Каму належыць?

Закрытае акцыянэрнае таварыства «Другі нацыянальны тэлеканал» было створана 15 лютага 2002 году адмысловым указам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. 99,66% акцый каналу належаць дзяржаве. Падначальваецца АНТ непасрэдна Міністэрству інфармацыі Беларусі.

На старонцы АНТ у «Вікіпэдыі» пазначана, што Мінінфарм валодае 51% акцый АНТ, яшчэ 29% належаць дзяржаўнаму «Беларусбанку», а 20% — прыватнай кампаніі «Фабрыка інфармацыйных тэхналёгій». Яна была створаная яшчэ ў 1991 годзе. Гэта адна зь першых прыватных тэлевізійных кампаній краіны. У сфэру інтарэсаў «Фабрыкі» таксама ўваходзяць турызм, паслугі і грамадзкае харчаваньне.

Паводле выданьня «Ежедневник», «Фабрыка інфармацыйных тэхналёгій» была адным са стваральнікаў АНТ. Ключавы ўласьнік кампаніі — Андрэй Астравух. «Фабрыка» таксама вядомая запускам партала itv.by, які дазваляе глядзець беларускія і замежныя тэлеканалы ў інтэрнэце ў высокай якасьці. У структуру АНТ таксама ўваходзіць асобная радыёстанцыя «Цэнтар ФМ», якую можна пачуць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Марат Маркаў
Марат Маркаў

Кіруе каналам Марат Маркаў, які раней займаў пасаду намесьніка кіраўніка «Белтэлерадыёкампаніі». Па адукацыі Маркаў вайсковец і юрыст, скончыў Вайсковую акадэмію і юрфак БДУ, пасьля яшчэ Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Самыя пазнавальныя вядоўцы — Аляксандар Аверкаў і Аляксандар Сярэбранікаў. Аверкаў працуе на АНТ ад самага пачатку, з 2002 па 2015 год быў вядоўцам праграмы «Контуры» — візытоўкі тэлеканалу.

Бюджэт

АНТ, як і іншыя дзяржаўныя СМІ Беларусі, фінансуецца зь дзьвюх крыніц — дзяржаўнага бюджэту і ўласных прыбыткаў. У 2020 годзе дзяржава плянуе патраціць на дзейнасьць каналу 4,2 мільёна рублёў. Для параўнаньня — бюджэт «Белтэлерадыёкампаніі» на 2020 год роўны 124 мільёнам рублёў, выдаткі на тэлерадыёкампанію «Мір» — 7,8 мільёна, «БелТА» — 1,5 мільёна. А на БРСМ, напрыклад, у дзяржаўным бюджэце сёлета прадугледжана 8,8 мільёна рублёў.

Аднак яшчэ год таму бюджэт АНТ быў значна меншы. У 2019 годзе дзяржава, згодна з законам «Аб бюджэце», выдаткавала на дзейнасьць тэлеканалу 3,5 мільёна рублёў. На «Белтэлерадыёкампанію» — 106 мільёнаў.

Скандалы і «расьсьледаваньні»

Першы гучны скандал адбыўся на АНТ у канцы 2010 году, калі вядоўца Сяргей Дарафееў у жывым эфіры гутарыў са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Пытаньні тычыліся прэзыдэнцкай кампаніі і настолькі не спадабаліся старшыні ЦВК, што яны пайшла са студыі проста пасярод перадачы.

У выніку Дарафеева спачатку адхілілі ад эфіраў, а вясной 2011 году звольнілі з каналу.

9 чэрвеня 2020 году на АНТ выйшла «спэцрасьсьледаваньне», прысьвечанае дзейнасьці Віктара Бабарыкі на пасадзе старшыні «Белгазпрамбанку». На момант эфіру Бабарыка ўжо быў арыштаваны і знаходзіўся ў СІЗА КДБ. У «спэцрасьсьледаваньні» каналу паказалі кадры апэратыўнай здымкі допытаў былых падначаленых Бабарыкі, а таксама яго самога.

Высновы аб злачыннай дзейнасьці на той момант яшчэ патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты аўтар сюжэту Аляксей Краквін зачытваў закадравым голасам. Працягі «расьсьледаваньня» аўтарства таго ж Краквіна выйшлі ў эфір 12, 13 і 14 чэрвеня.

З профілю Аляксея Краквіна на сайце тэлеканалу можна даведацца, што ён аўтар некалькіх дзясяткаў сюжэтаў пра комплекс «Минск Мир», пабудаваны кампаніяй Dana Holdings каля парку Чалюскінцаў. Ён жа быў аўтарам сюжэту 22 сакавіка 2017 году, прысьвечанага справе «Белага легіёну».

«У кватэры ў затрыманага — карціна невядомага мастака, — гаварылася ў сюжэце Краквіна. — На ёй хаваюць твары ўзброеныя людзі ў касках, камуфляжнай форме побач з БТРам на фоне Дома ўраду. Асаблівасьць карціны — кроў. У рэчах Данілава выявілі і сьцяг анархістаў. Маўляў, калекцыйная рэч. А яшчэ бронекамізэльку, спэцпрылады для наладоўваньня аўтаматных магазынаў. А вось і баявая зброя — тры карабіны! Акрамя ўсяго гэтага, прывезеныя з Украіны ўлёткі. Адна зь іх — памятка для ўдзельнікаў добраахвотніцкіх ваенізаваных фармаваньняў».

Увосень 2017 году «справу Белага легіёну» закрылі. Яе фігурантаў, у тым ліку Віктара Данілава, выпусьцілі з-за кратаў яшчэ ў чэрвені.

Звальненьні супрацоўнікаў

У чэрвені і ліпені 2020 году супрацоўніцтва з АНТ былі вымушаныя спыніць адразу тры тэлевядоўцы — Дзьмітрый Урангель, Меліціна Станюта і Дзьмітрый Кахно.

Усе яны на сваіх прыватных акаўнтах у сацсетках крытычна выказаліся аб дзеяньнях праваахоўных органаў падчас разгону вулічных акцый пратэсту. У выніку аўтарскую перадачу Ўрангеля зьнялі з эфіру без тлумачэньняў. Тое самае стала са спартовай рубрыкай Станюты. Дзьмітры Кахно пазбавіўся працы вядоўцы рэклямнага тэлешоў «Удача в придачу».

Афіцыйна завяршэньне супрацоўніцтва са згаданымі тэлевядоўцамі на канале не камэнтавалі.

Удзел у выбарах

17 ліпеня сайт mediaiq.by, які займаецца маніторынгам парушэньняў у сфэры СМІ, апублікаваў матэрыял «Самы складаны ў гісторыі незалежнай Беларусі год. Як беларускія СМІ парушалі стандарты ў чэрвені». У ім ацэньвалася праца дзесяці дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх мэдыя. АНТ заняў у складзеным рэдакцыяй mediaiq.by рэйтынгу апошняе месца з вынікам 3,65 з 5 магчымых балаў. На першым месцы — партал tut.by з вынікам 4,96.

Экспэрты сайту заўважылі прыкметы прапаганды і маніпуляцый у 42% сюжэтаў тэлеканалу. Больш толькі ў БТ — 43%.

10 ліпеня адвакаты Віктара Бабарыкі падалі ў Генпракуратуру скаргу на сюжэты АНТ, прысьвечаныя дзейнасьці іх падабароннага. На думку абаронцаў, канал парушае і беларускія законы, і міжнароднае права. Аб рэакцыі пракуратуры на гэты крок пакуль нічога не вядома.

Праз тыдзень пасьля гэтага ўжо аб’яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Веранікі Цапкалы падаў кіраўніцтву АНТ зварот. У ім гаварылася, што ў эфіры каналу «рэгулярна выходзяць сфабрыкаваныя сюжэты, дзе пра Віктара Бабарыку і тых, хто праходзіць у адной зь ім справе, гаворыцца як пра людзей, чыя віна ўжо даказаная ў судзе». Насілі зварот у галоўны офіс АНТ асабіста Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала. АНТ адказаў у сваім Telegram-канале, заявіўшы, што выбарчыя штабы зьнікнуць празь месяц.

«Спробу стварыць штучны палітычны ажыятаж вакол АНТ варта расцэньваць як ціск на журналістаў у сувязі з выкананьнем імі прафэсійных абавязкаў, — гаварылася ў адказе АНТ. — Нягледзячы на гэта, звароты, якія паступілі ў адрас тэлеканалу, будуць разгледжаныя ў парадку, вызначыным Законам Рэспублікі Беларусь „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб“.

Карыстаючыся нагодай, хочам заклікаць арганізатараў гэткіх акцый да асабістай адказнасьці за распальваньне варожасьці ў грамадзтве і пакалечаныя лёсы маладых людзей. Упэўненыя, што ўжо празь месяц зямля ачысьціцца настолькі, што зьнікнуць штабы неадбыўшыхся кандыдатаў, але большасьць з нас даведаецца пра гэта, толькі калі сумныя паліттэхнолягі пачнуць шукаць новую працу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG