Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал АНТ адмовіўся ад паслуг шоўмэна Кахно пасьля яго абуранага допісу пра разгон чаргі да крамы Symbal.by


Вядоўца тэлеканалу АНТ Дзьмітры Кахно паведаміў у сацсетках, што яго здымаюць з эфіраў пасьля допісу з асуджэньнем разгону чаргі ля крамы Symbal.by.

Днямі яму стала вядома, што кіраўніцтва АНТ прыняло рашэньне «абнавіць» вядоўцаў шоў «Удача ў прыдачу». Гэта значыць, што 14 ліпеня ён ня выйдзе ў жывы эфір падчас вечаровага прайм-тайму, як рабіў гэта амаль паўтары сотні разоў, пачынаючы зь першага выпуску ў 2016 годзе.

«Ці зьвязана гэта з маім пастом пра затрыманьне ля крамы Symbal.by, я дакладна ня ведаю. Але, як кажа адзін вядомы тэлежурналіст, у нас на канале вы робіце высновы самі», — падзяліўся тэлевядоўца.

Спраўдзіць інфармацыю на тэлеканале АНТ Свабодзе пакуль не ўдалося, прэсавую сакратарку, упаўнаважаную адказваць на пытаньні СМІ, немагчыма засьпець на працоўным месцы.

23 чэрвеня Кахно ў сваім інстаграме адрэагаваў на затрыманьні каля крамы Symbal.by у Менску:

«Я ўбачыў, як чаргу ў краму Symbal.by хапаюць байцы АМАП і запіхваюць у аўтазак. Я жыву за два кварталы ад гэтага месца. На гэтым відэа ад вас, міліцыя, уцякае сівая бабулька. Вы што?! Вы павінны абараняць людзей, гарантаваць іх бясьпеку. У гэтай чарзе няма злачынцаў. Што вы робіце? Мне брыдка і агідна бачыць тое, што адбываецца. Калі б мы гулялі там з сынам, нас бы таксама схапілі гэтыя людзі? Нас бы таксама запіхнулі ў аўтазак? За намі беглі б гэтыя страшныя людзі ў чорным?» — напісаў ён.

У допісах пад пастом у «Інстаграме» прыхільнікі Дзьмітрыя Кахно падтрымліваюць яго за выказаную грамадзянскую пазыцыю, якая важнейшая за «цёплае месяца» на тэлевізіі.

Раней тэлеканал АНТ разьвітаўся зь іншымі вядоўцамі, у тым ліку гімнасткай Меліцінай Станютай. Прычынай стала няўзгодненая актыўнасьць у сацыяльных сетках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG