Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорная каса і махінацыі з аблігацыямі. На АНТ агучылі новыя абвінавачаньні супраць былога кіраўніцтва «Белгазпрамбанку»


Будынак «Белгазпрамбанку» ў Менску

У вечаровым выпуску навінаў тэлеканалу АНТ 13 чэрвеня расказалі пра «новыя акалічнасьці» справы «Белгазпрамбанку». Паводле тэлеканалу, сьледзтва вызначыла, што ў цэнтральным офісе банку доўгі час працавала «чорная каса», празь якую кіраўніцтва праводзіла закрытыя апэрацыі для легалізацыі незаконных даходаў.

Свабодзе не ўдалося апэратыўна атрымаць камэнтар юрыста штабу Бабарыкі Максіма Знака.​ 14 чэрвеня сказаў наконт сюжэту АНТ:

«Для гэтага ТВ-сюжэту каментароў не будзе. Тым, хто яго паглядзіць, і так усё будзе відавочна. Ня будзем марнаваць час».

Паводле АНТ, у адной з касаў «Белгазпрамбанку» валюту мянялі паводле заніжанага курсу для кіраўніцтва банку і vip-кліентаў.

«2 красавіка 2020 году на паседжаньні праўленьня банку па ўказаньні старшыні праўленьня Бабарыкі прынялі рашэньне пра выплату грашовых узнагароджаньняў кіруючым супрацоўнікам банку. Агульная сума такіх узнагароджаньняў склала каля 5 мільёнаў рублёў. У дзень пералічэньня прэмій (4 красавіка) у закрытых для абслугоўваньня іншых кліентаў банку галаўнога офісу касах з 11:00 да 12:35 быў ненатуральна зьніжаны курс апэрацый па замежнай валюце, у тым ліку пры выкарыстаньні банкаўскіх плястыкавых картаў», — сказаў начальнік упраўленьня ДФР КДК Юрый Мяхедаў.

Паводле Мяхедава, у гэтыя паўтары гадзіны кіраўніцтва банку набыла валюту па заніжаным курсу на суму больш як 1 мільён даляраў.

Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня Дэпартаменту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю Дзьмітрыя Дзягілева, адна са схемаў чорнай касы заключалася ў абмене валюты, атрыманай, як лічыць сьледзтва, злачынным шляхам, на аблігацыі «Белгазпрамбанку». Аўтарам гэтай схемы Дзягілеў назваў Бабарыку. Паволе сьледзтва, каб ня ўводзіць пры пакупцы пашпартных зьвестак і не трапляць у поле зроку органаў фінансавага кантролю, касірам банку казалі разьбіваць цану аблігацый на максымальна магчымыя для ананімнай пакупкі долі. «Касіры разумелі незаконнасьць сваіх дзеяньняў», — сьцьвярджаецца ў сюжэце.​

Таксама кіраўніцтва банку абвінавацілі ў фіктыўным продажы залатых зьліткаў і разьмен купюраў 200 і 500 эўра на драбнейшыя наміналы.​

9 ліпеня АНТ паказаў кадры вочнай стаўкі затрыманага патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі з былым падначаленым Кірылам Бадзеем.​ Словаў Бабарыкі ў рэпартажы не паказалі. Паводле начальніка аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака, кіраўнікі «Белгазпрамбанку» атрымлівалі адкаты ад кампаніі «ПрыватЛізінг».

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG