Лукашэнка назваў справу «Белгазпрамбанку» ўрокам для эканомікі і Нацыянальнага банку, дзе зрабіў перастаноўкі

Аляксандар Лукашэнка прызначыў 20 ліпеня новых кіраўнікоў у праўленьне Нацыянальнага банку Беларусі. Старшыня застаўся ранейшы — Павал Калавур.

Намесьніцай начальніка галоўнага ўпраўленьня рэгуляваньня банкаўскіх апэрацыяў і чальцом праўленьня Нацбанку прызначыў Ілону Лядніцкую, чальцамі праўленьня — начальнікамі галоўных упраўленьняў апэрацыяў на фінансавых рынках і манэтарнай палітыкі Дзяніса Гарагляда і Дзьмітрыя Мурына.

Падчас абвяшчэньня кадравых рашэньняў Лукашэнка заявіў, што варта зьмякчаць фінансавую палітыку і пастаянна падвышаць крэдытаваньне эканомікі.

«Вы маю пазыцыю ведаеце: хто склаў рукі або, ня дай Бог, людзей пачаў звальняць, на падтрымку дзяржавы хай не разьлічвае, — казаў Лукашэнка чальцам праўленьня Нацбанку. — Прытым меры за тое, што выкідваюць людзей на вуліцу, будуць самыя жорсткія. Але тым, у каго ёсьць „жывыя“ экспартныя кантракты або хто запусьціў інвэстыцыйны праект, трэба дапамагчы абавязкова. Гэта грошы зваротныя».

Ён заклікаў таксама да рэструктурызацыі запазычанасьцяў і адмовы ад «празьмерных» умоваў і бар’ераў, працягу зьніжэньня стаўкі рэфінансаваьня і спрашчэньня наглядных абмежаваньняў, запэўніў у правядзеньні паступовай лібэралізацыі фінансавага і валютнага рынкаў. Кожны банкір мусіць пэрсанальна адказваць за тое, якія грошы ён прыцягнуў з замежных рынкаў, дадаў Лукашэнка.

«Калі страцім заводы, прадпрыемствы, калектывы, наступнымі будуць банкі, — разважаў ён. — Бягучыя цяжкасьці вырашым, але з 2021 году трэба прырастаць сярэднесусьветнымі тэмпамі».

Сытуацыя зь «Белгазпрамбанкам» мае стаць «урокам» для абноўленага кіраўніцтва Нацбанку, заявіў Лукашэнка, бо там «нагляд праваліўся». На прыкладзе гэтай сытуацыі, сказаў ён, «бачым, што працы — непачаты край».

​
XS
SM
MD
LG