Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню за 12 гадоў прызначыў амбасадара Беларусі ў ЗША


Новы амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадараў у Злучаныя Штаты Амэрыкі, Аўстрыю, Вялікую Брытанію, Казахстан і Нідэрлянды.

Кіраўніком дыпляматычнай місіі Беларусі ў ЗША будзе цяперашні намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

Гэтая пасада заставалася вакантнай на працягу 12 гадоў, пасьля таго як на патрабаваньне афіцыйнага Менску са сталіц дзьвюх краін адлікалі амабасадараў. Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніцу памочніка дзяржсакратара ў справах Эўразьвязу Джулі Фішэр.

Аб аднаўленьні дыппрадстаўніцтваў на ўзроўні амбасадараў у Менск і Вашынгтоне было заяўлена летась, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам.

Тым часам Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаў глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі пра затрыманьні мірных актывістаў і журналістаў. ЗША лічаць надзвычай важным забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нідэрляндах стане першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.
Намесьнік міністра Андрэй Дапкюнас прызначаны амбасадарам у Аўстрыю. Акрамя таго, па сумяшчальніцтве ён зойме пасаду пасла ў Славеніі і стане пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).

Былы міністар прамысловасьці Павал Уцюпін стане амбасадарам Беларусі ў Казахстане, а экс-міністар фінансаў Максім Ермаловіч — у Злучаным Каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG