Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі пасьля 12 гадоў адсутнасьці


Джулі Фішэр
Джулі Фішэр

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп унёс у Сэнат ЗША 30 кандыдатур чыноўнікаў і дыпляматаў, у тым ліку кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара ў Беларусі.

Трамп назваў Фішэр патэнцыйнай кандыдаткай на гэтую пасаду 21 красавіка.

Сэнат ЗША цяпер аднавіў працу пасьля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу. Сэнатары зьбіраюцца ў Капітоліі, але трымаюцца належнай дыстанцыі, працуюць у масках і пальчатках.

Джулі Фішэр — кар'ерная дыпляматка, цяпер займае пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.

Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расеі, намесьніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесьніцай дырэктара офісу генэральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Фішэр атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім унівэрсытэце. Яна валодае расейскай, францускай і грузінскай мовамі.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працавала ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску. ЗША адклікалі свайго амбасадара ў Менску, калі Аляксандар Лукашэнка загадаў скараціць колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у краіне.

Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам санкцый супраць парушэньня правоў чалавека і палітычных рэпрэсій падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі.

ЗША і Беларусь упершыню абвясьцілі пра пляны абмену амбасадарамі ў верасьні 2019 году, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартамэнту Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Менску.

Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае

  • ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
  • У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
  • Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.

  • Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
  • Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
  • У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
Error rendering VK.

  • У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
  • У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
  • З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
  • У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
  • У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
  • Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
    З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

  • У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
  • У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG