Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар, дыплямат ці рок-сьпявак. Хто стане амбасадарам Беларусі ў ЗША?


Менск і Вашынгтон дамовіліся вярнуць дыпляматычныя дачыненьні на ўзровень амбасадараў.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з часовым павераным у справах. Пакінуў Вашынгтон і беларускі амбасадар, таксама перадаўшы кіраўніцтва дыпмісіяй часоваму паверанаму. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску. Так беларускія ўлады адрэагавалі на эканамічныя санкцыі, якія ўвялі ЗША за парушэньні правоў чалавека.

Цяпер беларускі бок публічна назваў мэтазгодным як мага хутчэй вярнуць амбасадараў Беларусі і ЗША.

«Пытаньне прызначэньня амбасадараў — гэта сувэрэннае права кожнай краіны, для гэтага наўрад ці спатрэбяцца адмысловыя кансультацыі або дадатковыя сустрэчы, — заявіў 20 верасьня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. — На нашу думку, для раскрыцьця ўсяго патэнцыялу двухбаковых дачыненьняў мэтазгодна як мага хутчэйшае вяртаньне амбасадараў».

Ён дадаў, што «прынцыповае палітычнае рашэньне бакоў» дазваляе запусьціць працэдуры падбору і ўзгадненьня кандыдатур у абедзьвюх сталіцах.

Пасада амбасадара ў ЗША — мара любога дыплямата

Працаваць амбасадарам у Злучаных Штатах Амэрыкі марыць любы дыплямат. І ня толькі беларускі.

«Пасада амбасадара ў Вашынгтоне, Маскве альбо Пэкіне — вось той трамплін, які можа закінуць дыплямата аж у крэсла міністра замежных спраў. Шанцаў на такі маршрут нават болей, чым калі ты намесьнік міністра», — казаў мне калісьці кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік.

Пацьвярджае словы дасьведчанага дыплямата і лёс першага амбасадара Рэспублікі Беларусь у Злучаных Штатах Амэрыкі (1993–1997 гг.) Сяргея Мартынава. Апошнія дзевяць гадоў сваёй кар’еры ён правёў на пасадзе міністра.

Дарэчы, за ўвесь час існаваньня беларускай дыпмісіі ў ЗША яе ачольвалі на роўні амбасадараў усяго тры чалавекі. Акрамя згаданага Сяргея Мартынава, гэта Валер Цапкала (1997–2002) і Міхаіл Хвастоў (2003–2009).

Асаблівыя патрабаваньні

Праца амбасадара ў ЗША адрозьніваецца ад выкананьня амбасадарскіх абавязкаў у нейкай іншай краіне.

Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» палітоляг Яўген Прэйгерман гэта пацьвярджае:

«Як бы хто ні ставіўся да Злучаных Штатаў Амэрыкі, ад аб’ектыўнай рэальнасьці нікуды ня дзецца. Гэта першая краіна ў сьвеце. І каб цябе там заўважылі, дыплямату недастаткова быць проста добрым адмыслоўцам. Асабліва калі ты прадстаўляеш у Вашынгтоне параўнальна невялікую краіну, як Беларусь. Трэба, каб ты там не згубіўся, каб да цябе прыслухоўваліся. Таму, на мой погляд, ачоліць беларускую амбасаду павінен дыплямат-крэатыўшчык. Такі, каб амэрыканцы яго адразу заўважылі».

Новы беларускі амбасадар у Вашынгтоне будзе адчуваць сябе даволі камфортна, бо яму ня будуць задаваць няёмкіх пытаньняў аб правах чалавека і дэмакратыі, — лічыць вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін:

«Чаго цяпер хочуць Злучаныя Штаты ад Беларусі? Найважнейшае, каб Беларусь не дала дазволу на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі расейскай вайсковай ударнай групоўкі. Бо такія войскі — гэта пагроза адразу на трох кірунках: польскім, балтыйскім і ўкраінскім. Амэрыканская адміністрацыя разумее, што ў такой сытуацыі галоўнае, каб Беларусь захавала свае незалежнасьць і сувэрэнітэт. Таму дэмакратыя і правы чалавека не выглядаюць у такой сытуацыі першаснымі».

Чатыры кандыдаты

Галоўная мэта новага амбасадара цалкам зразумелая — зрабіць усё, каб Беларусь магла выйсьці з рэжыму амэрыканскіх палітычных і эканамічных санкцый. Таму, на мой погляд, рэальна на пасаду амбасадара ў Вашынгтоне могуць прэтэндаваць чатыры чалавекі.

№ 1 — Уладзімер Макей

Ня трэба зьдзіўляцца такому варыянту. Падобны прэцэдэнт у беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях ужо існуе. Міхаіл Хвастоў накіраваўся ў Вашынгтон менавіта з пасады кіраўніка замежнапалітычнага ведамства.

Калі прызначэньне Макея адбудзецца, то Аляксандар Лукашэнка атрымае свае дывідэнды адразу ў дзьвюх сталіцах — Вашынгтоне і Маскве. Амэрыканцам заявяць, што мы пасылаем да вас свайго найлепшага дыплямата. А ў Маскве ад’езд міністра супакоіць тых палітыкаў, якія лічаць, што менавіта пад уплывам Макея Лукашэнка «разварочваецца на Захад».

Яшчэ адна падстава для пераезду — «доўгажыхарства» Макея. Ён ужо сем гадоў ачольвае замежнапалітычнае ведамства. Хоць ён тут не рэкардсмэн. Сяргей Мартынаў кіраваў міністэрствам 9 гадоў.

Але сыход Макея мае такі мінус, які можа пераважыць усе плюсы. Разьвітацца з Макеем — гэта значыць разьвітацца з адмыслоўцам, які здолеў нарэшце наблізіцца да ажыцьцяўленьня шматвэктарнай вонкавай палітыкі Беларусі. Той самай шматвэктарнасьці, якую анансавалі яшчэ ў 1996 годзе. І сутнасьцю якой стаў пошук партнэраў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх кутках плянэты. Ранейшыя міністры пра гэта толькі разважалі. Макей — паспрабаваў зрабіць.

Каму перадаць ягоную спадчыну і ці патрэбна гэта наагул — няпростае пытаньне.

№ 2 — Андрэй Дапкюнас

Зь цяперашніх намесьнікаў Макея найбольш лягічным было б накіраваць у Вашынгтон Алега Краўчанку. За такое прызначэньне гавораць сама менш тры факты ягонай біяграфіі. Першы — Краўчанка ўжо працаваў у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Другі — ачольваў упраўленьне Амэрыкі ў МЗС. Трэці — на пасадзе намесьніка міністра курыруе менавіта ЗША. Але, наколькі я ведаю, Краўчанку ўжо афармляюць на пасаду амбасадара ў Вялікую Брытанію.

Таму ў Вашынгтон могуць накіраваць яшчэ аднаго з намесьнікаў — Андрэя Дапкюнаса. Той знаёмы з ЗША яшчэ з 1992 году, калі заняў пасаду другога сакратара Сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Пасьля было вяртаньне ў апарат МЗС, дзе ён курыраваў якраз ЗША. Плюс вяртаньне на шэсьць гадоў у Нью-Ёрк цяпер ужо ў якасьці кіраўніка Сталага прадстаўніцтва. Для Дапкюнаса ЗША — дакладна ня Terra Incognita.

№ 3 — Дзьмітры Басік

Гэта чалавек з новай генэрацыі беларускіх дыпляматаў. У маладосьці ён захапіўся музыкай, і ў 1996 годзе разам зь сябрамі па інстытуце замежных моў стварыў групу Vicious Crusade. Іх стыль — трэш-фолк-мэтал.

За плячыма ў Басіка МЗС, амбасада Беларусі ў Вялікай Брытаніі. Летам 2016 году яго перавялі часовым павераным у Канаду. Паводле міністэрскіх ацэнак, ён пасьпяхова справіўся са сваімі функцыямі. Таму ў ліпені 2019-га яго перавялі ў Вашынгтон. І цяпер ён ачольвае ў рангу часовага паверанага беларускую дыпмісію ў ЗША. Так што яму не спатрэбіцца нават нікуды пераяжджаць.

Плюс (ды яшчэ які!) для Басіка той, што яго асабіста знае Аляксандар Лукашэнка. Менавіта Басік быў перакладчыкам кіраўніка дзяржавы пры размовах з асобамі высокага рангу, якія наведвалі Беларусь. А гэта знак асаблівага даверу.

№ 4 — нехта іншы

Пра такіх кандыдатаў можна разважаць бясконца. Таму тут дарэчы згадаць былога прэсавага сакратара МЗС Беларусі, а цяпер патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Андрэя Савіных. Калі даводзілася зь ім размаўляць пра нейкія кадравыя зьмены ў міністэрстве, ён заўжды, не называючы ніводнага прозьвішча, адказваў аднолькава:

«У Беларусі вельмі моцная кадравая палітыка. А галоўнае ў ёй — яе поўная непрадказальнасьць».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG