Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДІПЧ ня будзе публікаваць ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі


Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 19 ліпеня 2020

Пра гэта сказала Свабодзе Каця Андруш, прэсавы прадстаўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у Варшаве, якое займаецца назіраньнем за выбарамі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).

«Хоць БДІПЧ працягвае ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі, мы ня будзем публікаваць ніякіх высноваў адносна выбараў прэзыдэнта проста таму, што мы ня будзем назіраць за імі», — адзначыла спадарыня Андруш.

15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заявіла, што ня будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня не дазваляе правесьці паўнавартаснае назіраньне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.

«Я хацела б падкрэсьліць той факт, што наша заява на гэтым тыдні не была зробленая на падставе нежаданьня назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі, — патлумачыла Свабодзе Каця Андруш. — Наадварот, БДІПЧ праводзіла назіраньне за ўсімі выбарамі на нацыянальным узроўні ў Беларусі з 2001 году. Аднак улады прызначылі выбары больш за два месяцы таму, і яны выдатна разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэньні, каб назіраць за ўсімі аспэктамі выбараў, уключаючы ня толькі сам дзень выбараў, але і папярэдні пэрыяд. Прывяду толькі адзін прыклад: фармаваньне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў ужо завершаныя, і гэта якраз сфэры, якія, паводле БДІПЧ, патрабуюць удасканаленьня».

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, інстытутам якой зьяўляецца БДІПЧ, 7 ліпеня паведаміла, што ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG