Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы чыталі Разанава, а над намі лёталі арлы


29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Выступае Антон Шукелойць, 4-5.09.2010
29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Выступае Антон Шукелойць, 4-5.09.2010

Сёньня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэньня Антона Шукелойця.

Згадваецца: ідзем зь дзядзькам Антосем, старшынём Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), па нью-ёрскай Пятай авэню, і ён з сваімі шыкоўнымі падкручанымі вусамі выдае тыповым беларускім шляхцічам другой паловы ХІХ стагодзьдзя, хоць гаворым пра ягонае захапленьне паэзіяй Алеся Разанава.

А кіруемся мы да Сусьветнага гандлёвага цэнтру, адкуль будзем глядзець на экскурсійныя гелікоптэры, што лётаюць далёка ўнізе, і размаўляць пра падзеі амаль 60-гадовай даўніны.

Тады, у 1939-м, Антон Шукелойць, нядаўні выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя, пасьля прыходу саветаў у Заходнюю Беларусь стварыў у былым Ашмянскім павеце (дзе ён прыйшоў на сьвет у 1915-м у вёсцы Якелеўшчына) блізу ста беларускіх школаў і настаўніцкія курсы, загадваў у Ашмянах аддзелам народнай адукацыі, але хутка трапіў у турму НКВД, адкуль вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

Мы наведалі Музэй Гугэнхайма, а таму заходзіць гаворка пра Менскі гістарычны музэй. Зусім малады Антон кіраваў ім у часе нямецкай акупацыі. Немцаў ён любіў гэтаксама моцна, як і бальшавікоў, таму далучыўся да Беларускай незалежніцкай партыі. Брунатны фашызм, кажа Шукелойць, прыйшоў на зьмену чырвонаму.

Там, дзе Брадвэй сустракаецца з 47-й вуліцай, славутай ювэлірнымі крамамі і габрэямі-артадоксамі ў капелюшах, дзядзька Антось зьнячэўку кажа, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай — ён упэўнены — трэба шукаць у Маскве ці ў Троіца-Сергіевай лаўры.

Ён чытаў мае гістарычныя апавяданьні і эсэ, чакае нашу з Генадзем Сагановічам кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», выкінутую два месяцы таму пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году з пляну выдавецтва «Мастацкая літаратура» як «сацыяльна нязначную». (Кніга сабрала перад рэфэрэндумам заявак на 30 тысяч асобнікаў і выйшла пазьней некалькімі выданьнямі з дапамогаю шматлікіх дабрачынцаў.)

«А вы ведаеце, спадар Арлоў, — кажа мой праваднік у кавярні на нейкім з 90-х паверхаў Сусьветнага гандлёвага цэнтру, — на хмарачосах ёсьць гнёзды арлоў?» За гэты імправізаваны верш выпіваецца па келіху чырвонага каліфарнійскага.

Мы з спадаром Антосем яшчэ і ў вусьцішным сьне ня можам убачыць усяго жаху, што адбудзецца тут 11 верасьня 2001-га, калі з падваконьняў будуць зьлятаць ня птушкі, а людзі, калі ў ліку амаль трох тысяч нью-ёрскіх ахвяраў загінуць і ўсе супрацоўнікі разьмешчанага ў адной зь вежаў Цэнтру невялікага выдавецтва, у якім «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» рыхтаваліся да друку ўжо па-ангельску і павінны былі выйсьці тысячным накладам — перадусім для бібліятэк амэрыканскіх унівэрсытэтаў.

Пасьля Другой усясьветнай вайны Шукелойць займаўся арганізацыяй школьніцтва і прафэсійных курсаў у лягерах для перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне, шукаў вывезеныя туды нацыстамі беларускія музэйныя каштоўнасьці.

У Злучаных Штатах Амэрыкі дзядзька Антось быў адным з найактыўнейшых беларускіх «штыхоў»: трыццаць два гады ачольваў БАЗА, супрацоўнічаў з газэтай «Беларус» і Беларускім інстытутам навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Добрым словам успамінаюць ягоную працу ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мы ўжо на апошнім 110-м паверсе. Мой спадарожнік зноў пачынае дэклямаваць разанаўскія радкі:

Калі ўсе згублены ключы,
Калі ні шанцу,
Анічога —
Усе ж ідзі,
Любі,
Крычы
І пасягай на перамогу.

Там, на вежы па-над Нью-Ёркам, дзядзьку Антосю было бязь некалькіх дзён 80. Я пажадаў яму 100 гадоў.

Ён пражыў 101.

Столькі і павінны жыць беларусы ў ХХІ стагодзьдзі.

Цяпер Антон Шукелойць пасяліўся ў новым выданьні маіх «Імёнаў Свабоды».

Замовіць новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з аповедамі пра 365+1 героя аўтарскага пантэону можна ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG