Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад вас залежыць, ці будуць перамены мірнымі». Назіральнікі зьвярнуліся да сябраў участковых камісій


Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў, 2018 год

Кампанія незалежнага назіраньня за выбарамі «Права выбару-2020» распаўсюдзіла адкрыты зварот да чальцоў выбарчых камісій.

У звароце да сябраў участковых камісій назіральнікі адзначаюць, што для многіх зь іх гэта «далёка ня першы досьвед працы ў камісіях» і многія сумленна падлічвалі сваю купку бюлетэняў і перадавалі кіраўніку камісіі, «а што потым зьяўлялася ў пратаколе, вас не цікавіла», дый пратаколы падпісваліся часам загадзя, да заканчэньня галасаваньня.

«Магчыма, вы бачылі ў гэтым сэнс: навошта канфліктаваць з тымі, хто адначасова кіруе камісіяй і зьяўляецца вашым кіраўніком па працы. Усё роўна прэзыдэнт застанецца той жа, дэпутатам стане той, каго вызначылі наверсе», — адзначаюць у звароце.

Цяпер сытуацыя карэнным чынам зьмянілася, дадаюць назіральнікі, бо «большасьць людзей хочуць пераменаў, і ад вас залежыць, ці будуць гэтыя перамены мірнымі, ці ўлада ўвядзе краіну ў бездань гвалту».

«Ад вас залежыць, як мы і вы будзем жыць заўтра, ці будуць нашыя мужчыны, ды і жанчыны, жыць у сваёй краіне, са сваімі сем’ямі, або паедуць у далёкае і блізкае замежжа ў пошуках лепшай долі, руйнуючы свае семʼі. Для гэтага трэба ўсяго толькі правільна падлічыць галасы, трэба, каб усе чальцы камісій і ўсе назіральнікі бачылі кожны бюлетэнь і чулі, за каго пададзены той ці іншы голас», — гаворыцца ў звароце.

Назіральнікі падкрэсьліваюць, што калі камусьці зь сябраў камісіі скажуць, што гэта не прадугледжана арт. 55 Выбарчага кодэксу, яны павінны нагадаць старшыні камісіі, што яе сябра, падпісваючы пратакол, адказвае за кожную лічбу ў ім, у тым ліку ў крымінальным парадку. Таму, калі бюлетэні не паказваюць усім, трэба настойваць на сваім праве пералічыць галасы, каб пераканацца, што лічбы ў пратаколе адпавядаюць рэчаіснасьці.

Таксама незалежныя назіральнікі абяцаюць падтрымку сябрам выбарчых камісій.

Кампанія «Права выбару-2020» абʼядноўвае 8 палітычных і грамадзянскіх структур: Абʼяднаную грамадзянскую партыю (АГП), Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), рух «За свабоду», Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).

Мэта незалежнага назіраньня — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, а таксама правядзеньне выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і прынцыпамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG