Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску суд скасаваў справу супраць актывісткі каманды Ціханоўскай. Прысуд сустрэлі воплескамі


Ланцуг салідарнасьці ў Віцебску, 19 чэрвеня

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненьні да актывісткі «Краіны для жыцьця» Юліі Барсуковай.

Яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 30 траўня. Судзьдзя Ільля Белавус пастанавіў спыніць справу «з прычыны недаказанасьці віны», паведамляе «Віцебская Вясна».

Разбор справы Юліі Барсуковай судзьдзя пераносіў некалькі разоў: першы раз — праз адсутнасьць відэаматэрыялаў, другі — праз адсутнасьць сьведак.

Паводле пратаколу, Юлія Барсукова 30 траўня, знаходзячыся каля віцебскага бізнэс-цэнтру «Марка-Сіці» на пікеце па зборы подпісаў, дэманстравала плякат з надпісам «Свабоду Ціханоўскаму!» і партрэтам зьняволенага блогера. На думку міліцыі, гэтым яна парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыянты Зуеў і Жаголкін, якія прыйшлі на суд у якасьці сьведак, прызналіся, што ня бачылі Барсуковай на пікеце, не было яе і на прагледжаным відэазапісе. Больш за тое, аказалася, што ў час, пазначаны ў пратаколе, праваахоўнікі відэаздымак не рабілі.

На судзе Юлія Барсукова заявіла, што ў той дзень брала ўдзел у «абсалютна легальным пікетаваньні для збору подпісаў у межах перадвыбарнай кампаніі».

Судзьдзя Ільля Белавус, не атрымаўшы істотных доказаў яе вінаватасьці, пастанавіў скасаваць адміністрацыйную справу празь недаказанасьць віны. Ці будуць міліцыянты аспрэчваць рашэньне ў абласным судзе, невядома.

У Віцебску гэта першы выпадак, калі справу за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у дачыненьні да актывіста спынілі. Судзьдзю Белавуса праводзілі з залі воплескамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG