Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтым разам пад санкцыямі можа апынуцца значна даўжэйшы сьпіс асобаў». Інтэрвію з эўрадэпутаткай


Мірыям Лексман — дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту ад Славаччыны. У Эўрапарлямэнце яна належыць да фракцыі Эўрапейскай народнай партыі (хрысьціянскіх дэмакратаў) і бярэ ўдзел у працы дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю. Свабода паразмаўляла са спадарыняй Лексман неўзабаве пасьля заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, яшчэ да вулічных пратэстаў, якія адбыліся надвячоркам і вечарам 14 ліпеня.

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні​

— ЦВК Беларусі адмовіла Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Шмат хто якраз у Бабарыку і Цапкалу бачыў сапраўдных альтэрнатыўных кандыдатаў на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Што вы скажаце пра гэтую нерэгістрацыю? Ці думаеце, што выбары могуць быць дэмакратычнымі і сумленнымі, калі сапраўдных альтэрнатыўных кандыдатаў адсейваюць на старце?

— Сёньня ўжо відаць, што гэтыя выбары ня могуць быць ні дэмакратычнымі, ні свабоднымі. Рашэньне ЦВК, каго рэгістраваць, а каго не, было вельмі сумнеўнае. На жаль, нечага такога мы і чакалі, хоць надзея, як кажуць, памірае апошняй. Але мы ўсё яшчэ спадзяваліся, што Лукашэнка ўсьвядоміць, што міжнародная супольнасьць з гэтым не пагодзіцца. Ён меў шанец зьмяніць рэжым на дэмакратычную сыстэму, але ён адмовіўся і пачаў жорсткі перасьлед (апанэнтаў. — РС) яшчэ перад выбарамі.

Мірыям Лексман
Мірыям Лексман

— У траўні вы разам з групай эўрадэпутатаў падпісалі адкрыты ліст, каб выказаць салідарнасьць з беларусамі падчас пандэміі каранавірусу і зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай прыняць адпаведныя захады ў барацьбе з пандэміяй. У траўні вы падпісалі яшчэ адзін адкрыты ліст, заклікаючы Лукашэнку правесьці свабодныя і сумленныя прэзыдэнцкія выбары. Як вы лічыце, гэтыя лісты аказалі нейкі ўплыў на кіраўніка Беларусі і яго паводзіны?

— Я думаю, усякі аўтарытарны кіраўнік зьвяртае ўвагу на тое, што пра яго гаворыць міжнародная супольнасьць. Аднак Лукашэнка выбраў шлях перасьледу дэмакратычных актывістаў і дэмакратычных кандыдатаў. Ня ведаю, што ў яго галаве, але мне відавочна, што ён траціць папулярнасьць і што падтрымка Лукашэнкі грамадзтвам цяпер мінімальная за ўсю гісторыю яго прэзыдэнцтва. Лукашэнка гэта ўсьведамляе і спрабуе знайсьці спосаб застацца ва ўладзе, ужо ня дбаючы пра тое, што пра яго падумае міжнародная супольнасьць. На жаль, адзіны спосаб, які яму бачыцца магчымым, — гэта агрэсіўнае і жорсткае задушэньне надзеі на дэмакратыю ў Беларусі.

— Давайце пагаворым крыху пра думку міжнароднай супольнасьці. У гэтым месяцы вы апублікавалі кароткае відэа з заклікам да кіраўніцтва Эўразьвязу дзейнічаць і паслаць выразны мэсыдж Лукашэнку, што яго паводзіны будуць мець наступствы. На вашу думку, які сыгнал Лукашэнку кіраўніцтва Эўразьвязу можа паслаць цяпер, калі выбары яшчэ не закончыліся?

— Думаю, што найлепшым сыгналам будзе сказаць яму, што гэтым разам пад санкцыямі можа апынуцца значна даўжэйшы сьпіс асобаў, якія спрычыніліся да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. І што мы таксама падумаем пра іншыя санкцыі. Лічу, што гэта вельмі выразны мэсыдж. Баюся аднак, што такі мэсыдж нерэальна паслаць ад імя ўсіх краін Эўразьвязу да заканчэньня выбараў у Беларусі. Але санкцыі — адзіны сыгнал, да якога Лукашэнка можа прыслухацца.

— Зразумела, што ўвядзеньне санкцыяў Эўразьвязу — доўгі працэс. Але калі ЭЗ вырашыць увесьці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, ці такі крок ня будзе азначаць, што Брусэль насамрэч не мае ніякіх іншых вагароў уплыву на Беларусь? Нагадаю, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў Беларусі ЭЗ ужо ўводзіў санкцыі. І яны наўрад ці зьмянілі паводзіны Лукашэнкі…

— Сьвет мяняецца. Сёньня санкцыі, асабліва супраць канкрэтных асобаў, азначаюць нешта іншае, чым у мінулым. Калі мы ўвядзем санкцыі супраць людзей, наўпрост ангажаваных у парушэньні правоў чалавека, гэта будзе азначаць замарожваньне іхных актываў за мяжою, забарону на ўезд у ЭЗ і іншыя дэмакратычныя краіны, забарону на вучобу іхных дзяцей у замежных унівэрсытэтах. Гэта нешта, што сёньня дзейнічае на людзей, прынамсі ў некаторых краінах.

— Мы гаворым тут пра бізуны, давайце і пра пернікі. Якія пернікі можа прапанаваць Менску Брусэль?

— Па-мойму, пернікі ляжаць на стале ўвесь час. Эўразьвяз нямала дапамагаў Беларусі фінансава мінулымі гадамі. Цяпер Эўразьвяз падрыхтаваў гэтак званы фонд устойлівасьці (анг. resilience fund. — РС) — нешта накшталт дадатку да гуманітарнай дапамогі, нададзенай пэўным краінам у сувязі з пандэміяй COVID-19. Так што пернікі ўвесь час на стале, і Лукашэнка вельмі добра ведае, што калі б ён дазволіў дэмакратычныя выбары, то атрымаў бы ад Брусэлю такую самую дапамогу, якую атрымалі іншыя краіны па-за Эўразьвязам, напрыклад балканскія, якія пакуль не далучыліся да ЭЗ.

Мірыям Лексман
Мірыям Лексман

— Калі дазволіце, я пры нагодзе задам вам асабістае пытаньне. У Эўрапарлямэнце вы вырашылі далучыцца да дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю. Чаму? Маю на ўвазе — чаму вы выбралі Беларусь, а ня групу для сувязяў зь нейкай іншай краінай, напрыклад, з Украінай або Сэрбіяй?

— Беларусь — краіна, пра якую я нямала ведаю. Маю шмат беларускіх сяброў, які жывуць у Эўропе і ў самой Беларусі. Ведаю шмат беларусаў, якія належаць да дэмакратычнай апазыцыі ў сваёй краіне. Прыкладам, я асабіста знаёмая з Паўлам Севярынцам, які цяпер у турме і якога там, паводле вестак, катуюць. Так што хоць ёсьць і іншыя краіны, блізкія майму сэрцу, я выбрала Беларусь і лічу гэта стратэгічна найбольш правільным выбарам. Я спадзявалася, што сёлета ў Беларусі могуць адбыцца зьмены і што я змагу ў гэтых зьменах дапамагчы. Бачу, што зьмены ўжо пачаліся, і сапраўды чакаю, што мы ўбачым надзею ў канцы гэтага цёмнага тунэлю, у якім Беларусь знаходзіцца цяпер.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG