Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы здымаюць уклады. Разьбіраемся, як гэта зьвязана са справай «Белгазпрамбанку»


5 мільярдаў 32 мільёны рублёў — такая сума ляжыць на дэпазытах фізычных асобаў у банках Беларусі. У параўнаньні з пачаткам красавіка сума зьменшыліся на 71 мільён рублёў. Разьбярэмся, што адбываецца.

З красавіка па травень дэпазыты фізычных асобаў у рублях зьменшыліся на 80 мільёнаў рублёў, гэта вынікае са статыстыкі Нацбанку. У чэрвені дэпазыты вырасьлі на 14 мільёнаў, а ў ліпені зноў зьнізіліся на 5 мільёнаў. Пры гэтым да сакавіка рублёвыя дэпазыты фізычных асобаў расьлі цягам 17 месяцаў. Дэпазыты фізычных асобаў у замежнай валюце зьмяншаюцца яшчэ хутчэй: мінус 297 мільёнаў з красавіка па ліпень.

Гэта значыць, беларусы пачалі здымаць свае банкаўскія ўклады.

Чаму беларусы здымаюць уклады

Зьняцьце ўкладаў старшы фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб зьвязвае найперш са скачком рубля ў сакавіку. Тады даляр стаў каштаваць 2,65 рубля, але пасьля апусьціўся да 2,4 рубля.

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

«Гэтая тэндэнцыя ўзьнікла ў сакавіку, калі пачалася пандэмія, крызіс у сьвеце, зьявіліся панічныя настроі на валютным рынку. Тады ж пачалося чаканьне крызісу ў эканоміцы, таму ўкладчыкі сталі забіраць свае ўклады», — кажа Вадзім Іосуб.

Але далей на ўклады паўплывала крымінальная справа супраць «Белгазпрамбанку», калі ягоных кіраўнікоў арыштавалі, а ў прыватны банк дзяржава прызначыла сваю адміністрацыю.

«Гэтая сытуацыя ўскладнілася сытуацыяй зь «Белгазпрамбанкам». Найперш уклады пачалі забіраць з гэтага банку, але людзі паглядзелі на праблемы з карткамі, на праблемы з дэпазытарнымі ячэйкамі, і ў іх пагоршылася стаўленьне да гэтай сыстэмы, таму гэта адбілася на ўсёй банкаўскай сыстэме», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» толькі за другі квартал гэтага году скараціліся на 1 мільярд рублёў. Апэратыўна атрымаць камэнтар аб адтоку ўкладаў у «Белгазпрамбанку» Свабодзе не ўдалося.

Чым пагражае зьняцьце ўкладаў

Зьняцьце ўкладаў грамадзянамі можа прывесьці да крызісу банкаўскай сыстэмы. Але паступовае зьняцьце, як адбываецца цяпер, да гэтага не прывядзе, мяркуе Вадзім Іосуб.

«Паступовае скарачэньне ўкладаў нічым не пагражае. Для банкаўскай сыстэмы страшны набег укладчыкаў. Калі ў адзін момант 20% укладчыкаў вырашаць забраць свае грошы. Але ў банка ёсьць грошы фізычных асобаў і грошы юрыдычных асобаў. Жаданьне выняць 20% ад гэтай сумы — гэта крах любога банку. Пакуль скарачэньне не прыняло пагрозьлівых маштабаў. Скарачэньне ўкладаў азначае меншую магчымасьць банкаў крэдытаваць эканоміку. Калі адток укладаў будзе павольны — гэта не пагроза для банка і для эканомікі», — гаворыць Вадзім Іосуб.

У Нацбанку ж адток дэпазытаў у першым квартале гэтага году зьвязваюць з «ростам дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканьняў».

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG