Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд запусьціў працэс банкруцтва «Трайпла». Кіраўніком прызначылі кандыдатку, прапанаваную Дзяржкантролем


14 ліпеня Эканамічны суд Менску прыняў рашэньне распачаць вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтве) кампаніі «Трайпл», паведамляе Tut.by.

У траўні 2020 году кампанія «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа накіравала ў суд заяву аб эканамічнай неплатаздольнасьці. Яе пачалі разглядаць 26 чэрвеня, але суд запатрабаваў дадатковыя дакумэнты і перанёс разгляд на 14 ліпеня.

Падчас пасяджэньня 14 ліпеня стала вядома, што на 30 чэрвеня агульны памер крэдыторскай запазычанасьці «Трайпла» склаў 183,5 мільёна рублёў. Уласная запазычанасьць кампаніі — 85 мільёнаў рублёў, большая частка доўгу — абавязацельствы па дамовах даручніцтва. Грошы бралі ў «Белаграпрамбанку», «Агралізінгу» і «АСБ Лізінг» для стварэньня крамаў Prostore, мадэрнізацыі вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў на Бярозаўскім камбінаце сілікатных вырабаў і «КварцМелПраме». Адносна апошніх дзьвюх структураў распачалі справы аб банкруцтве яшчэ раней.

Кошт актываў «Трайплу» на 30 чэрвеня склаў 130 мільёнаў рублёў. Аднак на самай справе, як сказала прадстаўніца «Трайплу» ў судзе, у кампаніі няма крыніц, каб задаволіць патрабаваньні «нават трэцяй часткі крэдытораў».

Часовым кіраўніком «Трайпла» суд паводле хадайніцтва Камітэту дзяржкантролю зацьвердзіў Марыну Івановіч з кіроўнай кампаніі «Советник».

Цяпер кампанія «Трайпл» у асноўным займаецца будаўніцтвам. Таксама кампанія мае пяць філіяў:

  • гарналыжную базу «Лагойск»,
  • лядовую арэну ў Бярозе,
  • сельскагаспадарчую кампанію «Трайпл-агра»,
  • SPA-цэнтар і
  • рэстарацыю «Залаты грабеньчык» у Менску.

Бізнэсоўцу Юрыю Чыжу належаць 66,5% «Трайпла», астатняе па 16,75% падзеленае між расейцамі Ёсіфам Аксенцьевым і Міхаілам Мамашвілі.

Бізнэс Юрыя Чыжа пачаўся ў 1992 годзе. Тады «Трайпл» займаўся выпускам новых для Беларусі шклопакетаў і рабіў газіроўку пад маркай «Акватрайпл». Ужо ў 1996 годзе яны выйгралі буйны тэндэр на пастаўку шклопакетаў для будаўніцтва новага менскага вакзалу. З гэтага пачалася гісторыя кампаніі, якая працавала ў нафтагазавай сфэры, на рынку нерухомасьці, у рытэйле, рэстаранным бізнэсе і ў сфэры прыгажосьці.​ У 2013 годзе Юры Чыж быў самым уплывовым бізнэсоўцам Беларусі. Зьбіраў ураджай на ўчастку Лукашэнкі і будаваў гатэль «Кемпінскі», яго называлі «гаманцом Лукашэнкі». Ужо праз тры гады ён трапіў у СІЗА на паўгода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG