Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала з імпэрыяй Юрыя Чыжа


Юры Чыж
Юры Чыж

У 2013 годзе Юры Чыж быў самым уплывовым бізнэсоўцам Беларусі. Зьбіраў ураджай на ўчастку Лукашэнкі і будаваў гатэль «Кемпінскі». Ужо праз тры гады ён трапіў у СІЗА.

«Юра Чыж ужо штаны ледзьве носіць. Ня крыўдзіце яго, яго і так шмат мусіруюць... А ён і так, бедны, напакутаваўся», — сказаў у нядаўнім інтэрвію пра Чыжа беларускі мільянэр Уладзімер Дзялендзік.

Што стала зь бізнэсам Чыжа, разьбіралася Свабода.

Крыху гісторыі

Бізнэс-імпэрыя Юрыя Чыжа пачала будавацца ў 1992 годзе. Тады «Трайпл» займаўся выпускам новых для Беларусі шклопакетаў і рабіў газіроўку пад маркай «Акватрайпл». Ужо ў 1996 годзе яны выйгралі буйны тэндэр на пастаўку шклопакетаў для будаўніцтва новага менскага вакзалу. З гэтага пачалася гісторыя кампаніі, якая працавала ў нафтагазавай сфэры, на рынку нерухомасьці, у рытэйле, рэстаранным бізнэсе і ў сфэры прыгажосьці.​

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа ордэнам Айчыны ІІІ ступені, 28 жніўня 2013
Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа ордэнам Айчыны ІІІ ступені, 28 жніўня 2013

У 2013 годзе Юры Чыж узначаліў сьпіс самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў, яго называлі «гаманцом Лукашэнкі», ён суправаджаў прэзыдэнта на спартовых матчах і нават падчас збору ўраджаю. Але ў 2016 годзе справы кампаніі пагоршыліся, а Юрыя Чыжа арыштавалі па падазрэньні ў нявыплаце падаткаў. Аляксандар Лукашэнка казаў, што Чыж мусіць кампэнсаваць дзяржаве страты ў памеры 11–12 мільёнаў даляраў.

Праз паўгода Юры Чыж выйшаў на волю, суду над ім не было.

Да арышту

На сваім піку кампанія «Трайпл» займалася ня толькі будаўніцтвам, мэдыкамэнтамі, рэстаранным бізнэсам і салёнамі прыгажосьці. Крыніцай яе асноўнага прыбытку лічаць нафтавую сфэру.

Нафтавыя актывы

З 2002 году «Трайпл» пасунуў старых гульцоў на нафтавым рынку і пачаў займацца пастаўкай нафты і прадуктаў зь яе ў Беларусь. Кампанія Юрыя Чыжа завозіла нафту на нафтаперапрацоўчыя беларускія заводы, рабіла зь іх нафтапрадукты і рэалізоўвала на ўнутраным рынку, а таксама адпраўляла на экспарт. Гэтаму спрыяў кампаньён Чыжа — Аляксей Алексін, які дагэтуль працаваў у структуры Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.

Пазьней, у 2012 годзе, кампаньён пакінуў Юрыя Чыжа. Справы крыху пагоршыліся, але пастаўкі біяпаліва ішлі ў Эўразьвяз і Ўкраіну. Кульмінацыяй мог стаць кантракт на пастаўку нафтапрадуктаў у ЭЗ на суму 4,36 мільярда даляраў. Але ў тым жа годзе ЭЗ увёў санкцыі, пад якія трапіла кампанія Чыжа, кантракт сарваўся. У гэты ж час кампанія займела сетку з 8 аўтазаправак у розных мясьцінах Беларусі.

Аўтазапраўка «Трайпл» у Менску
Аўтазапраўка «Трайпл» у Менску

Нерухомасьць і вытворчасьць

Імпэрыя Чыжа пачыналася з будаўнічай галіны. Самыя вядомыя аб’екты — гэта будынкі каля цырку ў Менску і так званы Дом Чыжа каля Траецкага прадмесьця.

Да 2014 году каля цырку ў Менску меўся зьявіцца гатэль «Кемпінскі», але, як выявілася, гэтая сетка гатэляў нават не разьлічвала ствараць свой філіял у Менску.

Таксама Чыж збудаваў пад Менскам элітны пасёлак «Лагожаск» на 14 таўнхаўсаў.

На сваёй радзіме ў горадзе Бяроза Берасьцейскай вобласьці Юры Чыж збудаваў лядовую арэну, там жа пабудаваў завод сылікатных вырабаў.

На пачатку 2000-х у імпэрыі Чыжа зьявіліся Маладачанскі мясакамбінат, сьвінагадоўля ў Валожынскім раёне «Данпрод», будаўнічая вытворчасьць «Кварцмелпрам» у Маларыцкім раёне. А таксама прадпрыемства фармацэўтычнай галіны «ТрайплФарм».

Таксама кампанія збудавала гарналыжны аздараўляльны комплекс «Лагойск» непадалёк ад аднайменнага гораду.

Рэстаранны бізнэс і рытэйл

Першы рэстаран кампаніі «Трайпл» зьявіўся ў Менску яшчэ ў 1997 годзе — у Ракаўскім прадмесьці адкрыўся «Ракаўскі бровар». Пазьней сетка пашырылася, да рэстарана далучыліся дзьве фірмовыя крамы кандытарскіх вырабаў «Салодкі фальварак». А яшчэ пазьней «Трайпл» адкрыў рэстаран «Залаты грабеньчык» на праспэкце Незалежнасьці, 37 і кавярню «Ў Францыска» непадалёк ад сталічнага ГУМа.

З 2006 году ў Менску адчыняюцца гіпэрмаркеты сеткі «Prostore». Урэшце сетка разрастаецца да 5 крамаў — у сталічнай Чыжоўцы, на праспэкце Пераможцаў, у Каменнай Горцы, Малінаўцы і Шабанах.

У гіпэрмаркеце Prostore
У гіпэрмаркеце Prostore

Футбол і салён прыгажосьці

Сталічным футбольным клюбам «Дынама» Юры Чыж пачаў валодаць у 1999 годзе. За гэты час клюб толькі адзін раз выйграў чэмпіянат Беларусі — у 2004 годзе. 8 разоў ён займаў другое месца і 5 разоў трэцяе.

«Вэлнэс», які працуе ў Менску на вуліцы Багдановіча, пазыцыянуе сабе як клюб здаровага ладу жыцьця і належыць жонцы Юрыя Чыжа Тацяне. Ён адкрыўся ў Менску ў 2011 годзе.

Міжнародны гадавальнік аўчарак

На дадатак да іншых напрамкаў дзейнасьці «Трайпл» заняўся яшчэ і разьвядзеньнем сярэднеазіяцкіх аўчарак. Кампанія мае міжнародны гадавальнік, зарэгістраваны ў сыстэме FCI, ён адкрыўся ў 2000 годзе.

Пасьля арышту

Юры Чыж выйшаў зь СІЗА КДБ у верасьні 2016 году. Ужо тады ў кампаніі былі праблемы: даўгі перад расейскімі партнэрамі Міхаілам Маміяшвілі і Ёсіфам Аксенцьевым. За час, які стваральнік кампаніі правёў у СІЗА, давялося закласьці ў банкі тры гіпэрмаркеты — у Малінаўцы, Каменнай Горцы і на праспэкце Пераможцаў.

Пасьля выхаду Юрыя Чыжа на волю ягонай кампаніяй фактычна кіраваў сын Сяргей. Сам Юры Чыж стаў старшынём рады праўленьня «Трайпла».

Крамы папрадавалі іншым сеткам і банкам

З пяці гіпэрмаркетаў Prostore, якія належалі «Трайплу», цяпер ва ўласнасьці кампаніі застаюцца толькі тры. Як паведамлялі СМІ, гіпэрмаркет у Шабанах пераходзіць сетцы Green, у Чыжоўцы — «Кароне».

Яшчэ тры крамы раней перадаваліся банкам пад лізінг, каб пасьля іх магчыма было выкупіць. Гэта гіпэрмаркеты на Дзяржынскага, праспэкце Пераможцаў і ў Каменнай горцы. Пра іх цяперашні статус інфармацыі няма.

«Дынама» адсудзілі

Футбольны клюб «Дынама», якім Юры Чыж валодаў з 1999 году, адышоў Менгарвыканаму. Фактычна суд прызнаў несапраўдным рашэньне 1999 году аб пераходзе футбольнага клюбу ва ўласнасьць Чыжа.

Ад нафтавага бізнэсу адсунулі

З актываў Юрыя Чыжа ў самай прыбытковай сфэры ў Беларусі, нафтаперапрацоўцы, засталіся толькі 8 аўтазаправачных станцый. Ні перапрацоўкай нафты, ні экспартам нафтапрадуктаў у ЭЗ кампанія больш не займаецца.

Недабудаваны гатэль у парку Горкага
Недабудаваны гатэль у парку Горкага

«Недакемпінскі» забралі

Будынак каля Менскага цырку, які вырас да хакейнага чэмпіянату ў 2014 годзе і, як абяцаў Чыж, меўся нібыта стаць гатэлем сеткі «Кемпінскі», так і застаўся недабудам у цэнтры Менску. Цяпер ён належыць расейскаму «Сбербанку», адбудаваць яго ў 2017 годзе абяцалася аўстрыйская кампанія Alpine.

Усе іншыя актывы, а гэта сылікатныя вырабы зь Бярозаўскага заводу, тры кавярні, салён прыгажосьці, гарналыжны комплекс «Лагойск», выраб фармацэўтычных прэпаратаў, «ТрайплАгра» і гадавальнік аўчарак, засталіся за кампаніяй.

Таксама цяпер кампанія будуе ў Менску жыльлё: гэта жылы комплекс «Мармэляд» і «Лясны гарадок» каля Ўручча, а таксама жылы комплекс «Ліпень» на праспэкце Пераможцаў.

Мяркуючы па судах паміж былымі кампаньёнамі Юрыем Чыжом і Ўладзімерам Япрынцавым, кампанія Чыжа вінная расейскім партнэрам некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. У рэйтынгу ТОП-200 самых уплывовых бізнэсоўцаў у 2019 годзе Юры Чыж заняў 88 месца.

Свабода зьвярнулася да кіраўніцтва «Трайпла» па камэнтар, але там прабачыліся і сказалі, што ўстрымаюцца ад размовы з журналістамі. Згодна з гадавой справаздачай кампаніі за мінулы год чысты прыбытак «Трайпл» зьменшыўся ў параўнаньні з 2017 годам з 9,3 да 5 мільёнаў рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG