Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа прызнала сябе банкрутам


Беларуская кампанія «Трайпл» 19 траўня прыняла рашэньне падаць у эканамічны суд Менску заяву аб эканамічнай няздатнасьці (банкруцтве).

Заява падпісаная генэральным дырэктарам Сяргеем Чыжом.

Як піша Tut.by са спасылкай на тэкст ліста ў суд, памер крэдыторскай запазычанасьці «Трайпла» можа дасягаць 197,2 млн рублёў. Актывы, за кошт якіх можна кампэнсаваць запазычанасьць, ацэньваюцца толькі ў 157,8 млн рублёў (асноўныя сродкі — 44,2 млн).

Крэдыторам «Трайпл» быў вінен на 30 красавіка 99,3 млн рублёў (асноўны крэдытор — «Белгазпрамбанк»), таксама кампанія была вінаватая бюджэту 175 тысяч рублёў, пэрсаналу — 246,3 тысячы. Таксама кампанія мае абавязкі па дамовах паручальніцтва на 97,8 млн рублёў (бралі на крамы ProStore і мадэрнізацыю вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў).

Асноўны від дзейнасьці «Трайпла» цяпер — будаўніцтва жылых дамоў і камэрцыйных аб’ектаў. Таксама кампанія мае пяць філіяў: гарналыжную базу «Лагойск», лядовую арэну ў Бярозе, сельскагаспадарчую кампанію «Трайпл-агра», SPA-цэнтар і рэстарацыю «Залаты грабеньчык» у Менску. Адносна вытворчасьцяў будаўнічых матэрыялаў «Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў» і «Кварцмелпрам» распачалі справы аб банкруцтве яшчэ раней.

Бізнэсоўцу Юрыю Чыжу належаць 66,5% «Трайпла», астатняе па 16,75% падзеленае між расейцамі Ёсіфам Аксенцьевым і Міхаілам Мамашвілі.

Бізнэс Юрыя Чыжа пачаўся ў 1992 годзе. Тады «Трайпл» займаўся выпускам новых для Беларусі шклопакетаў і рабіў газіроўку пад маркай «Акватрайпл». Ужо ў 1996 годзе яны выйгралі буйны тэндэр на пастаўку шклопакетаў для будаўніцтва новага менскага вакзалу. З гэтага пачалася гісторыя кампаніі, якая працавала ў нафтагазавай сфэры, на рынку нерухомасьці, у рытэйле, рэстаранным бізнэсе і ў сфэры прыгажосьці.​ У 2013 годзе Юры Чыж быў самым уплывовым бізнэсоўцам Беларусі. Зьбіраў ураджай на ўчастку Лукашэнкі і будаваў гатэль «Кемпінскі», яго называлі «гаманцом Лукашэнкі». Ужо праз тры гады ён трапіў у СІЗА на паўгода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG