Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась колькасьць беларускіх гастарбайтэраў дасягнула рэкорду. Але каранавірус унёс карэктывы


Будаўнік-гастарбайтэр
Будаўнік-гастарбайтэр

У 2019 годзе колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія выехалі працаваць за мяжу, дасягнула рэкорднага значэньня, спасылаецца БелаПАН на дадзеныя, апублікаваныя ў штогадовым бюлетэні «Працоўныя рэсурсы і занятасьць насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Нацыянальны статыстычны камітэт праводзіць абсьледаваньні ў пытаньнях занятасьці, пачынаючы ад 2012 году. Зьвесткі пра тых, хто працуе за мяжой, паказваюць на іх пастаянны рост. Так, калі ў 2012-м за межамі Беларусі працавалі 55 тысяч чалавек, то ў 2018-м — 127 тысяч, а летась ужо 157 тысяч. Такім чынам, за гэты пэрыяд колькасць беларускіх гастарбайтэраў амаль патроілася. Абсалютная большасьць зь іх працавалі ў Расеі і Польшчы.

«Рынак працы ў XXI стагодзьдзі становіцца глябальным, таму цалкам натуральна, што ў апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць беларускіх гастарбайтэраў прыкметна павялічылася. Тым больш што некаторыя краіны Эўразьвязу спрасьцілі міграцыйнае заканадаўства і выехаць на працу стала прасьцей», — адзначыў у камэнтары БелаПАН дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык.

Рост працоўнай міграцыі, лічаць эканамісты, выкліканы таксама ўнутранымі фактарамі.

«У краіне для шэрагу спэцыялістаў не аказалася працоўных месцаў з заробкам, якая б іх задавальняў. Да таго ж дэпрэсіўных раёнаў у Віцебскай і Магілёўскай абласьцях стала больш, людзі ня бачаць магчымасьцяў працаўладкавацца. Паколькі мяжа з Расеяй да апошняга часу была адкрытая, ехалі туды на заробкі», — выказаў думку навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Алег Мазоль.

Сёлета лічбаў статыстыкі яшчэ няма, але з улікам распаўсюду каранавірусу і закрытых межаў колькасьць гастарбайтэраў, безумоўна, зьнізілася. Экспэрты бачаць некалькі сцэнарыяў, якія могуць быць характэрныя для працоўнай міграцыі.

«Праз каранавірус існуюць рызыкі узмацненьня міграцыйнай палітыкі ў суседніх краінах, працоўныя месцы будуць пакідаць перш за ўсё для сваіх. У гэтым выпадку скароціцца попыт на нізкакваліфікаваную працоўную сілу, але пры гэтым праз расчараваньне эканамічнай сытуацыяй у Беларусі можа вырасьці міграцыя кваліфікаванай рабочай сілы», — мяркуе Аляксандар Чубрык.

Іншыя эканамісты зьвяртаюць увагу на тое, што некаторыя краіны Эўразьвязу, сутыкнуўшыся з недахопам сэзонных рабочых, ужо зьмякчылі міграцыйнае заканадаўства. Напрыклад, Эстонія прыняла рашэньне дазволіць гатарбайтэрам знаходзіцца ў краіне да 180 дзён, а Італія ў траўні вырашыла даваць працоўным мігрантам від на жыхарства на паўгода.

Адпаведна, існуе верагоднасьць, што беларусы, якія езьдзілі на заробкі ў Расею, пры пэўных умовах паедуць на часовую працу ў краіны Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG