Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшней за ўсё памерці на чужыне». Беларус-будаўнік затрымаўся на карантыне ў Нямеччыне і працягвае працаваць


Алег Малевіч
Алег Малевіч

Бальшыня беларусаў, якія працавалі за мяжой, з распаўсюдам каранавірусу і закрыцьцём межаў вярнуліся дадому. Але некаторыя вырашылі застацца да нармалізацыі эпідэміялягічнай сытуацыі: працадаўцы чакаць ня будуць, на вольныя месцы дастаткова прэтэндэнтаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як з ратавальніка перакваліфікавацца ў будаўнікі

«Зьбіраўся дадому на Вялікдзень, але ўрэшце здаў квіткі, — кажа 51-гадовы Алег Малевіч. — Зьехаць можна, а вось вярнуцца... Палякі, хутчэй за ўсё, прапусьцяць, затое ў Беларусі прымусяць самаізалявацца. Такіх вакацый ніхто ня дасьць, працадаўцу ў любым выпадку трэба пераканацца, што прычына адсутнасьці важная. Гэта значыць, патрэбна даведка пра шпіталізацыю ці іншы форс-мажор. Як патлумачыць, што два тыдні проста адседзеў дома? Таму ўсё ў падвешаным стане, вельмі напружвае гэткая няпэўнасьць».

Алег Малевіч
Алег Малевіч

Алег працуе на будоўлях у горадзе Кальтэнкірхэн на поўнач ад Гамбургу, у зямлі Шлезьвіг-Гольштайн. Адукацыяй ён спэцыяліст у чыгуначным транспарце, але пасьля тэрміновай службы ў паветрана-дэсантных войсках 2-мэтровага волата запрасілі папоўніць шэрагі ратавальнікаў у родных Баранавічах.

Праз колькі часу атрымаў цяжкую траўму сьпіны. Зрабілі апэрацыю, у хрыбет ужывілі мэталічную пласьціну. Атрымаў ІІ групу інваліднасьці. На працы вяртаньня супрацоўніка чакаць ня сталі, быў камісаваны ў сувязі са станам здароўя. Доўгі час аднаўляўся, неўзабаве пасьля выпіскі інваліднасьць панізілі да ІІІ групы. А ўрэшце зьнялі зусім — Міністэрства надзвычайных сытуацый не зьвязала здарэньне з вытворчай траўмай. Спробы даказаць у судах неабгрунтаванасьць рашэньня плёну ня мелі, сям’я села на фінансавую мель.

Між тым трэба было вучыць дзяцей-студэнтаў — сына ў Горадзенскім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце і дачку ў Кракаўскім політэхнічным унівэрсытэце. Вакансій у горадзе бракуе, спрабавалі з жонкай займацца грузаперавозкамі, але зь невялікімі аб’ёмамі выйсьці ў плюс складана.

Тады падаўся ў будаўнікі-гастарбайтэры: працаваў на аб’ектах у Польшчы, Расеі, потым дапяў да Нямеччыны. Калі Эўропа пачала закрывацца ва ўмовах пандэміі каранавірусу, давялося тэрмінова вырашаць: або вяртацца ў Баранавічы і зноў апынуцца бяз сродкаў, або застацца ў Кальтэнкірхэне — балазе будаўнічая актыўнасьць не спынялася.

Як калегі кпілі з «баязьлівага беларуса»

Паводле суразмоўцы, склад брыгадаў на нямецкіх будоўлях надзвычай стракаты, асноўны касьцяк складаюць выхадцы з Усходняй Эўропы. Нямала этнічных немцаў з Казахстану, Сібіру, Паволжа. Яны валодаюць нямецкай мовай і пераважна працуюць на больш грашовых пасадах прарабаў. Астатнія — у масе сваёй украінцы, малдаване, літоўцы, латышы, крыху палякаў. А вось беларус на 300 работнікаў адзін — Алег Малевіч з Баранавічаў. Кажа, што ў лепшым выпадку землякі даяжджаюць да Польшчы ці Літвы, бальшыню ж задавальняе Расея.

«Дай Божа пратрымацца, бо жонка не працуе, дачка-студэнтка, сын ужо пайшоў працаваць, але ў лякарні зарабляе ня грошы, а стрэс. Калі і мяне звольняць — гэта канец. А што будзе беспрацоўе — дык і варажбіткі ня трэба. Хто зьехаў у Малдову, ва Ўкраіну і там завіс, месцы страцілі. Работнік ня едзе, а фірма плаціць за яго падаткі. Тыя тэлефануюць у кампанію: пачакайце крыху, не выпускаюць. А ім адказваюць: можаце ўжо і не сьпяшацца. Тым больш Нямеччына дазволіла ўезд на пасяўную румынам, ну а яны шчэмяцца на будоўлі — усё ж большы даход, чым на сэзонных сельгасработах».

Фірма, на якую працуе Алег Малевіч, мае філіі практычна па ўсёй Нямеччыне: Бадэн-Бадэн, Брэмэн, Дортмунд ды іншыя буйныя гарады. У цэнтральнай і паўднёвай частках праз пандэмію каранавірусу даводзілася спыняць дзейнасьць, калі выяўлялі інфікаваных сярод будаўнікоў. На поўначы пакуль што абыходзіліся прэвэнтыўнай ізаляцыяй тых, у каго сымптомы выклікалі трывогу — тэмпэратура, кашаль, насмарк.

Ілюстрацыйнае фота. Тэставы цэнтар у Нямеччыне, дзе бяруць мазкі на каранавірус у работнікаў дзяржаўнай службы
Ілюстрацыйнае фота. Тэставы цэнтар у Нямеччыне, дзе бяруць мазкі на каранавірус у работнікаў дзяржаўнай службы

«Будоўля ёсьць будоўля, да пары глядзелі скрозь пальцы. Толькі калі пільныя нямецкія грамадзяне пабачылі, як гастарбайтэры за рукі вітаюцца, па-зямляцку абдымаюцца, і ніякага намёку на 1,5 мэтра дыстанцыі, паляцелі скаргі. У выніку працадаўцу папярэдзілі пра штрафы і праверкі halten ordnung — парадку ўнутранага карантыну.

Тут з гэтым сур’ёзна. Бо раптам будоўлю прыкрыюць, нам капут. Было ўжо, што ў цэнтры краіны некалькі ўчасткаў закрывалі: не дазвалялі выходзіць, харчаваньне дастаўлялі ў пакой. Цяжка: і бяз працы, і ня зьедзеш». Перасоўваньні гастарбайтэраў абмежаваныя кароткім маршрутам — ад месца жыхарства да працы. Па адным можна выйсьці ў краму ці аптэку. Каб падтрымаць Deutsche ordnung («нямецкі парадак»), беларус павесіў у інтэрнаце самаробны плякат: «Паважай сябе і калег, выконвай патрабаваньні карантыну!» Зваротная рэакцыя зьбянтэжыла.

«Зь мяне сьмяяліся, кпілі — можа, і размаўляць ужо нельга? Аднак калі адзін захварэў, другі, дык і рукі пачалі мыць, і маскі на нос начапілі. Ну што, кажу, куды бравада падзелася? Як маркерам напісаў на кардоне, пасьмейваліся з „баязьлівага беларуса“. А цяпер замітусіліся. Эфэкт статку: адзін заржаў, астатнія падхапілі. Па-першае, сьцеражонага сам Бог сьцеражэ. Па-другое, нельга парушаць законы краіны, у якой працуеш. Прыедзе паліцыя — праблемы будуць ва ўсіх. Я ўжо не кажу пра здароўе ўсіх і кожнага».

Нягледзячы на значныя лічбы пандэміі — звыш 160 тысяч інфікаваных і звыш 6 тысяч памерлых — мэдычная сыстэма Нямеччыны спраўляецца з навалай. Больш за 80% пацыентаў паправіліся без наступстваў, астатнія на кантролі. Мала таго, немцы працягваюць руку дапамогі пацярпелым суседзям. Так, у клініках паўночных земляў лечыцца шмат італьянцаў. Як удакладнілі Свабодзе ў шпіталі гораду Вэстэрштэдэ, за вызначаны графік лекары не выходзяць — на фізычны знос ніхто не працуе.

Клінічны цэнтар у горадзе Вэстэрштэтэ, дзе лекуюць італьянскіх пацыентаў
Клінічны цэнтар у горадзе Вэстэрштэтэ, дзе лекуюць італьянскіх пацыентаў

Як некаторым карціць паказаць, што яны несьмяротныя

Беларускі гастарбайтэр ня мае ілюзій, што будоўля — тое месца, дзе рэальна вытрымаць фізычнае дыстанцыяваньне. Але перакананы, што мінімізаваць кантакт трэба старацца ў любым выпадку.

«Зразумела, што пастаянна і інструмэнты перадаеш, і кантактуеш з прарабам, каб выслухаць задачу, — удакладняе суразмоўца. — Але хапае і бескультур’я. Калі немец ведае, што абавязкова патрэбна павязка, што важна апрацоўваць рукі, што ня варта выказваць радасьць ад сустрэчы праз абдымкі, то некаторым карціць паказаць, што яны несьмяротныя. Гэта пры тым, што ў Нямеччыне абавязалі зьяўляецца ў грамадзкіх месцах толькі ў масках. А будзеш упірацца, проста выпішуць штраф».

Як прызнаецца Алег Малевіч, найбольшы страх на чужыне — захварэць. Таму асуджае тых, хто так легкадумна да гэтага ставіцца. З другога боку, у Нямеччыне хаця б праўдзівая статыстыка інфікаваных, зь якой можна скласьці карціну праходжаньня піку хваробы. У той жа час ёсьць сумневы, што ва ўмовах адсутнасьці карантыну ў Беларусі адлюстроўваецца рэальны стан рэчаў.

«Шчыра кажучы, страшна захварэць, але гэтак жа страшна страціць стабільны прыбытак. На ўсё воля Бога: як будзе, так і будзе. Зразумела, меней за ўсё хочацца заразіцца. Бо як памрэш, ніхто нармальна і не пахавае. Які лёс памерлых ад каранавірусу? Агульная магіла ды ўсё, нават дадому не павязуць. Гавару маладым ды гарачым: уключыце мазгі, не ігнаруйце рэчы, даказаныя жыцьцём. Калі ва ўсім сьвеце прызналі ковід-небясьпеку, ня трэба лішні раз выпрабоўваць лёс. Некаторыя прыслухоўваюцца, а некаторыя ігнаруюць».

Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі перавозяць хворага на каранавірус са Страсбургу ў нямецкі шпіталь
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі перавозяць хворага на каранавірус са Страсбургу ў нямецкі шпіталь

Акрамя каранавірусу, які паралізаваў эканоміку ўсяго сьвету, інтэрнацыянальныя калёніі гастарбайтэраў суправаджае яшчэ адна праблема — няздольнасьць да мірнага суіснаваньня. Як кажа Алег Малевіч, даходзіць да таго, што праз пастаянныя канфлікты капітулююць цэлыя нацыянальныя групоўкі.

«Калі два гады таму прыехаў, кампанія ў інтэрнаце была стракатая, — кажа беларус. — Аднак праз канфлікты, якія нярэдка заканчваліся бойкамі, першымі сышлі палякі. Сьледам альбанцы. Нарэшце зьехалі прыбалты. Цяпер зь меркаваньняў бясьпекі ўжо адштурхоўваюцца ад нацыянальнасьці: украінцаў селяць у адзін інтэрнат, малдаванаў — у іншы. Дык яны і паміж сабой б’юцца. За тры дні велікодных сьвятаў ледзь усё не разьнесьлі. Нікуды ня выйдзеш, аднаполы кантынгент. Напіваюцца, дурнеюць».

Як падтрымаць родных на адлегласьці

Нягледзячы на выдаткі карантыннага існаваньня ў Кальтэнкірхэне, Алег Малевіч вырашыў дачакацца хоць якога прасьвету. Навіны з дому сьведчаць, што на біржы ў Баранавічах канкурэнта дакладна ніхто не чакае. А тут хоць і не жыруеш, але прынамсі ня ў мінусе.

«Натуральна, кожны цэнт лічыш, — гаворыць ён. — Берасьцейскі сябар працуе недалёка на востраве, гэта мяжа з Даніяй. Запрасіў на дзень нараджэньня. Я палічыў — 100 эўра на дарогу, плюс падарунак. І дамовіліся, што лепей сустрэнемся на радзіме... Стаўкі засталіся тыя ж, як калі пачынаў працаваць, але падымаюць плату за жыльлё, мы самі харчуемся. Хоць бываюць і бонусы. Тым, хто бесьперапынна адпрацаваў год, кампанія налічыла па 50 эўра за кожны месяц. Усяго атрымалася 600 эўра, гэта прыемна».

Алег Малевіч кажа, што пасьля працяглага расставаньня з роднымі найбольш марыць вярнуцца да іх. Сям’я патрабуе ня толькі матэрыяльнай, а і маральнай падтрымкі. Сын Раман пасьля заканчэньня мэдунівэрсытэту прыехаў дадому. Працуе ў лякарні. Як і іншыя мэдыкі, захварэў сам.

«Я ўсё ж на адлегласьці, а жонка на месцы, вельмі хвалюецца за сына, — кажа ён. — Шмат лекараў, мэдсясьцёр на бальнічных. Некаторыя, ведаю, ізалююцца ледзь не ў лазьнях, каб адвесьці небясьпеку ад родных. Ну і як у такой сытуацыі займацца пацыентамі, калі сам пэрсанал кепска сябе адчувае? Рома ляжаў у інфэкцыйным аддзяленьні, цяпер дома. Тэсты на каранавірус бралі, пакуль вынікаў няма. Але з гэтага тыдня выклікаюць на працу. Мабыць, не хапае пэрсаналу, калі такая мабілізацыя».

У Нямеччыне агульная колькасьць інфікаваных ад пачатку эпідэміі перавысіла 162 000, сьведчаць дадзеныя фэдэральнага Інстытуту Робэрта Коха. Новых выпадкаў становіцца меней: калі ў ранейшыя дні прырост быў амаль па 1500 штодзень, то цяпер прыкладна 700. Агульны лік памерлых — 6649.

Цяпер улады аслабляюць карантын. Пры выкананьні строгіх захадаў засьцярогі дазволілі рэлігійныя службы, наведваньні музэяў, выстаў, дзіцячых пляцовак, заапаркаў. У сярэдзіне месяца аднаўляецца футбольная Бундэсліга. Пакуль што не рэкамэндуюцца турыстычная актыўнасьць і паездкі на вялікія адлегласьці.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG