Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне: кожны пяты беларус жыве за мяжой беднасьці


Ілюстрацыйнае фота

На працягу апошніх 3 гадоў Беларусі зьніжалася колькасьць людзей, якія жывуць у беднасьці, што зьвязана з паступовым аднаўленьнем эканомікі краіны пасьля крызісу 2015–2016 гадоў. Аднак за мяжой беднасьці ўсё яшчэ знаходзіцца кожны пяты жыхар краіны, вынікае з дасьледаваньня BEROC.

Навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль вывучыў узровень дабрабыту насельніцтва Беларусі і выявіў, што ў 2019 годзе ўзровень абсалютнай беднасьці ў краіне зьнізіўся на 2,4 працэнтныя пункты — з 23,9% да 21,5% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Годам раней колькасьць малазабясьпечаных скарацілася на 6,6 працэнтных пункта.

У рэгіянальным разрэзе самы высокі ўзровень абсалютнай беднасьці па-ранейшаму ў Магілёўскай вобласьці — у 2019 годзе ён склаў 31%. За апошні год павялічылася колькасьць бедных таксама ў Менску (з 8,6% да 13,1% насельніцтва) і ў Віцебскай вобласьці (з 25% да 27% насельніцтва).

Паменшылася колькасьць бедных у Менскай і Горадзенскай абласьцях — з 25,4% да 17,8% і з 23,1% да 17% насельніцтва адпаведна.

Глыбіня абсалютнай беднасьці (4,8%) паказвае на тое, што цяперашні эканамічны крызіс пагражае рэзкім павелічэньнем долі беднага насельніцтва ў асноўным за кошт найбольш уразьлівых груп: гэта дзеці ва ўзросьце да 18 гадоў, шматдзетныя сем’і і жыхары сельскай мясцовасьці.

Варта адзначыць, што дадзеныя дасьледчага цэнтру BEROC адрозьніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі, згодна зь якой колькасьць малазабясьпечаных у Беларусі ў 2019 годзе складала 5%. Такая розьніца зьвязаная з адрозьненьнямі ў мэтадалёгіі дасьледаваньняў.

BEROC выкарыстоўвае мэтад разьлікаў, які рэкамэндуе Сусьветны банк, заснаваны на разьліку абсалютнай лініі беднасьці з выкарыстаньнем мэтаду ацэнкі выдаткаў на задавальненьне базавых патрэбаў. Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі адносіць да малазабясьпечаных людзей, якія валодаюць рэсурсамі менш за бюджэт пражытковага мінімуму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG