Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве міліцыя разагнала акцыю салідарнасьці без затрыманьняў


У інстытуце МУС у Магілёве вучацца разганяць пратэсты, 9 ліпеня 2020
У інстытуце МУС у Магілёве вучацца разганяць пратэсты, 9 ліпеня 2020

У Магілёве міліцыя выцесьніла з пляцоўкі ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», дзе праводзіліся выбарчыя пікеты, тых, хто сабраўся пратэставаць супраць нерэгістрацыі кандыдатамі на прэзыдэнцтва Бабарыкі і Цапкалы. Паводле сьведак, тут сабралася да 100 чалавек рознага веку, пераважала моладзь.

Пасьля 20 гадзіны зьявіўся міліцыянт з мэгафонам і папярэдзіў пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасьля гэтага зьявіліся патрулі амапаўцаў. Іхныя аўтобусы былі прыпаркаваныя каля гарвыканкаму і гандлёвага цэнтру. На пад’ездах да цэнтральнай вуліцы Першамайскай дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.

Тыя, хто быў на пляцоўцы, кажуць, што затрыманьняў не было, але большая частка людзей перасунулася на пешаходную вуліцу Ленінскую, дзе адбываўся канцэрт джазавай музыкі. Па яго заканчэньні, блізу 21 гадзіны, людзі вярнуліся на пляцоўку каля «Атрыюму». Неўзабаве грамада разышлася.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG