Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму можа навучыць «старую» і «новую» апазыцыю Беларусі гісторык зь Ейльскага ўнівэрсытэту


Гісторык Тымаці Снайдэр

Прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту ў ЗША Тымаці Снайдэр найбольш вядомы сваімі грунтоўнымі кнігамі, прысьвечанымі гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — такімі, як «Крывавыя землі: Эўропа паміж Гітлерам і Сталіным». Ёсьць у ягоным даробку і кніга, дзе шмат увагі аддаецца Беларусі, — «Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь (1569–1999 гг.)».

Адна з тэмаў, да якіх Снайдэр у апошнія гады рэгулярна зьвяртаецца ў публічных лекцыях, — крытыка таго, што ён называе «палітыкай непазьбежнасьці» і «палітыкай вечнасьці».

«Палітыка непазьбежнасьці» — вера ў тое, што гісторыя сама, паводле аб’ектыўных законаў, непазьбежна рухаецца ў нейкім кірунку. У беларускім варыянце гэта можа быць даўняя вера ў тое, што рэжым непазьбежна разваліцца і на яго месцы зьявіцца дэмакратыя, калі вырасьце маладое «непужанае» пакаленьне. Даволі камічны прыклад, які, падаецца, расьце з такога мысьленьня, — думка, што Віктару Бабарыку трэба стварыць сваю партыю, але не пускаць туды нікога, хто быў у ранейшых апазыцыйных партыях, бо тыя людзі сябе дыскрэдытавалі.

«Палітыка вечнасьці» — вера ў тое, што ўсё застаецца па сутнасьці нязьменным, і апэляцыя да слаўнага мінулага. Такая пазыцыя зручная для аўтарытарнай улады. Але яна можа весьці да высновы і сярод незадаволеных уладай, што статус-кво — найменшае зло з магчымых. У беларускім варыянце адна з праяў «палітыкі вечнасьці» — вера, што Аляксандар Лукашэнка, у адрозьненьне ад некаторых альтэрнатываў, прынамсі не дапусьціць здачы незалежнасьці.

У лекцыі для студэнтаў Ейльскага ўнівэрсытэту Снайдэр разважае пра небясьпекі антыгістарызму найперш у кантэксьце амэрыканскай палітыкі. Аднак скарочаны канспэкт гэтай лекцыі можа быць цікавы і беларусам — асабліва тым, хто ўдзельнічае ў спрэчках паміж прыхільнікамі «старой» і «новай» апазыцыі.

Гісторыя заўсёды палітычная

Я пачну з рэчаў, якія здаюцца надзвычай простымі, але пра якія часта забываюцца.

Каб мець гісторыю, трэба мець адчуваньне часу — са складанай мінуўшчынай, цяперашнім часам, які зь мінулым зьвязаны, і будучыняй, якая пакуль што нявызначаная, але яна таксама неяк зьвязаная зь мінулым.

Чаму я кажу пра «палітычнасьць» гісторыі? Бо калі вы мысьліце гістарычна, то ў вас ёсьць палітычнае ўяўленьне. Калі вы ведаеце пра мінулае, дык ведаеце, што здараліся розныя рэчы і што яны былі магчымыя.

Больш за тое, калі вы сапраўды разумееце нейкі момант зь мінулага, вы разумееце, што ў ім ёсьць ня толькі тое, што адбылося, але і тое, што магло адбыцца. І калі вы здольныя бачыць гэтыя рэчы, вы таксама разьвіваеце палітычнае ўяўленьне. Вы будзеце больш падазрона ставіцца да дэтэрміністычных ідэяў, якія кажуць: «Гэта абавязкова павінна быць вось такім чынам».

У гісторыі нішто не састарэла канчаткова — усё, што было ў мінулым, нейкім чынам зьвязана зь цяперашнім часам, нават калі мы ня можам пабачыць усіх гэтых сувязяў. Але таксама нішто ня ёсьць цалкам новым. Гэта ня значыць, што гісторыя паўтараецца, не. Яна нават не рыфмуецца, хоць Марк Твэн быў геніем. Але калі вы мысьліце гістарычна, вы ніколі ня можаце быць цалкам зьдзіўлены.

«Палітыка непазьбежнасьці»

Але ёсьць і магутныя агістарычныя, нават антыгістарычныя спосабы ўспрыманьня часу. Адзін зь іх я называю «палітыкай непазьбежнасьці». У «палітыцы непазьбежнасьці» мы ведаем, куды рухаецца час. Мы ўпэўненыя, чым гэта завершыцца.

На Захадзе і асабліва ў Злучаных Штатах у апошнія дзесяцігодзьдзі нас захапіла ідэя, што ўсё непазьбежна прыйдзе да лібэральнай дэмакратыі. Фірмовым знакам гэтай ідэі быў «канец гісторыі». Маўляў, калі мы ня маем іншых ідэяў, значыць, гісторыя рухаецца ў кірунку лібэральнай дэмакратыі.

«Палітыка непазьбежнасьці» можа выглядаць як гісторыя, разумныя людзі могуць яе абараняць, але насамрэч гэта была замена адной тэлеалёгіі на іншую. Tele- значыць «мэта», і мы назіралі веру ў тое, што гісторыя непазьбежна рухаецца да вызначанай мэты.

У 1989–1991 гадах людзі сказалі — гісторыя камунізму непраўдзівая, няма непазьбежнай сацыялістычнай рэвалюцыі і камуністычнай утопіі, таму — і тут вялікая памылка — таму павінна быць праўдзівай іншая гісторыя, пра непазьбежнасьць лібэральнай дэмакратыі. Фундамэнтальная памылка — казаць, што калі адна тэлеалёгія памылковая, дык іншая мае быць правільнай.

Непазьбежнасьць спараджае параною

Калі табе здаецца, што ты ведаеш, куды ідзе гісторыя, дык табе не абавязкова ведаць нешта пра мінулае. А тыя некалькі рэчаў, якія ты пра мінулае ведаеш, ты можаш упісаць у гісторыю непазьбежнай будучыні — табе не патрэбны для гэтага гістарычны падыход, не патрэбна ўяўленьне.

Непазьбежнасьць часам спараджае параною. Гэта погляд на гісторыю як у фільме «Матрыца» — пад покрывам штодзённасьці хаваецца іншая рэальнасьць. Калі ёсьць толькі адна гісторыя, дык вы кажаце сабе: «Ага, значыць, павінна быць контрагісторыя — у ідэале з Керы-Эн Мос, скураным адзеньнем, спэцэфэктамі і запаволенымі кулямі.

Другая магчымая рэакцыя — палітычная нуда. У нямецкай мове ёсьць добрыя словы для ўсяго, і тут ёсьць слова Alternativlosigkeit — адсутнасьць альтэрнатываў. Калі вы пагаджаецеся, што альтэрнатываў няма, дык палітыка робіцца неверагодна нуднай.

«Палітыка непазьбежнасьці» вельмі ўразьлівая на шокавыя падзеі. Калі здараецца нешта значнае, схема не працуе. Людзі ня ведаюць, як трактаваць нешта такое, як [тэрарыстычныя напады ў ЗША] 11 верасьня 2001 году. А паколькі вы пераканалі сябе, што мінулае ня мае значэньня, дык пасьля шокавых падзеяў людзі пачынаюць казаць: «Усё зьмянілася, усё новае». Ад гэтага зусім малы крок да словаў: «Усё дазволена». Такое з намі здарылася ў 2001 годзе — і вельмі імаверна, што здарыцца зноў.

«Палітыка вечнасьці»

Рызыка ў тым, што мы пераключымся з «палітыкі непазьбежнасьці» на «палітыку вечнасьці». Гэтая палітыка згадвае мінулае, але ніколі нічога не тлумачыць. Усё нібыта адбывалася прыблізна ў адзін час. Ключавая эмоцыя тут настальгія, але гэта настальгія па рэчах, якіх не было.

Гэта калі Расея будуе помнік князю Ўладзіміру ў Маскве, дзе ён ня мог быць, бо гэтага гораду тады яшчэ не было. Ці калі Брытанія або Францыя ўяўляюць, што ў міжваенны час у 20-м стагодзьдзі яны былі нацыянальнымі дзяржавамі. Але яны такімі не былі ніколі, таму настальгія Брэксіту — гэта настальгія па нічым. Францыя спачатку была імпэрыяй, а потым далучылася да эўрапейскага інтэграцыйнага праекту.

Тут вельмі папулярная схема цнатлівай нацыі, якая ўвесь час мела рацыю і на якую ўвесь час нехта нападаў звонку. Ва Ўсходняй Эўропе гэта рамантызм, які жыве аж дагэтуль. Мінулае рухалася цыклічна — на нас заўсёды нападалі з захаду ці на нас заўсёды нападалі з усходу, заўсёды было зашмат імігрантаў, ці нешта яшчэ.

А паколькі ўсё рухаецца так схематычна, дык няма патрэбы шукаць тлумачэньня і — што вельмі важна — ніхто не нясе адказнасьці. У такім сьвеце цяжка разважаць пра палітыку і лідэрства. І якраз у такім сьвеце зьяўляецца канцэпцыя Лідэра зь вялікай літары — Дучэ, Правадыра ці Фюрэра — які жыве па-за гісторыяй і ратуе нацыю, народ ад вонкавай пагрозы. Якраз у «палітыцы вечнасьці» мае сэнс ідэя палітычнага Збаўцы.

Калі вы прымаеце такое разуменьне часу, дык зьяўляецца адчуваньне пастаяннай пагрозы і выключэньні робяцца правіламі — такія, як выбух будынка ці тэрарыстычны напад. Нават калі яны не адбываюцца ўвесь час, яны ўвесь час чакаюцца.

У такім сьвеце як вы можаце думаць пра будучыню? Як у вас хапае нахабства думаць пра будучыню, калі мы пад такім ціскам і вораг увесь час каля брамы? Як вы можаце думаць пра рэформы ў дзяржаве, калі дзяржава вас абараняе? Гэта рыторыка фашызму.

Чаму важна мысьліць гістарычна

Мне здаецца важным казаць пра гэтыя два антыгістарычныя падыходы, бо мы, магчыма, якраз цяпер пераключаемся з аднаго на другі. Гэта адбываецца вельмі лёгка. Дужа проста перайсьці ад мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, бо яна кажа мне праўду пра тое, як усё ідзе да лепшага» да мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, бо ў мяне няма ніякіх іншых ідэяў пра тое, што рабіць са сваім жыцьцём».

Любое намаганьне мысьліць гістарычна — гэта ўжо спосаб супрацьстаяць такому падыходу. Калі вы мысьліце гістарычна, дык робіце прышчэпку супраць абодвух гэтых падыходаў, вы ствараеце час.

Калі я кажу пра стварэньне часу, гэта не мэтафара. Бо «палітыка непазьбежнасьці» і «палітыка вечнасьці» забіраюць у вас час. А час — гэта перадумова для палітычнага дзеяньня, для палітычнай свабоды.

«Палітыка непазьбежнасьці» — гэта тое, у чым мы жылі. Цяпер гэта здаецца неверагодным, але вас у ёй гадавалі. Гэта сур’ёзная памылка, якую зрабіла папярэдняе пакаленьне. «Палітыка вечнасьці» — гэта тое, куды вы лёгка можаце трапіць.

Пытаньне ў тым, дзе мы цяпер, ці гэта паваротны пункт? Ідэя «паваротнага пункту» вельмі пасіўная, геамэтрычная. У нашай цяперашняй культуры ёсьць рэчы, якія дазваляюць вельмі проста перайсьці ад «непазьбежнасьці» да «вечнасьці».

Да прыкладу, посткатастрафізм. Усё гэтыя фільмы і гульні, дзе няма дзяржавы, няма правілаў і ўсе змагаюцца за рэсурсы. Але сапраўды важнае пытаньне — якраз у тым, здарыцца ці ня здарыцца катастрофа. Думаць трэба пра тое, як спыніць катастрофу, як узяць на сябе нейкую частку адказнасьці.

Гісторыя як асабістая адказнасьць

Мне здаецца, што гісторыя значыць менавіта гэта — нейкую колькасьць адказнасьці. Ня ўсю, крый Божа, але нейкую. Калі вы бачыце, што ёсьць структуры, але гэтыя структуры можна трошкі мяняць, у вас зьяўляецца нейкі аб’ём адказнасьці.

У вас ёсьць шанец быць гістарычным пакаленьнем. І вы можаце зрабіць цяперашні час гістарычным у двух сэнсах: вы можаце быць важным пакаленьнем, і вы таксама можаце навучыць людзей зноў думаць гістарычна, ствараць магчымасьці, ствараць сувязі.

Вядома ж, я магу цалкам памыляцца, але мне здаецца, што вас альбо будуць памятаць як гістарычнае пакаленьне, альбо зусім забудуць. Бо калі мы скоцімся ў «палітыку вечнасьці», дык вы проста ня будзеце мець значэньня. Вы нават ня ўхаба на дарозе, бо дарогі зусім няма. Ёсьць толькі плоская заасфальтаваная пустыня да самага гарызонту.

Скончыць я б хацеў цытатай з «Гамлета». Ён кажа:

«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,
Навошта ты мяне сюды прынёс
Лячыць хваробы часу!»

Гэта тое, дзе вы цяпер. Век вывіхнуўся — мы больш не ў непазьбежнасьці і мы яшчэ ня ў вечнасьці. Мы можам стварыць свае моманты, сваю гісторыю.

Для Гамлета ўсё скончылася вельмі кепска. І я не кажу, што ўсё будзе добра. Але ў гэтай цытаце ёсьць яшчэ і апошні радок:

«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,
Навошта ты мяне сюды прынёс
Лячыць хваробы часу!
Пойдзем разам».

Вы можаце гэта зрабіць. І я спадзяюся, што вы гэта зробіце.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG