Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўторыцца сёлета Плошча-2010


Кастрычніцкая плошча Менску 19 сьнежня 2010 году

Пытаньне ня ў тым, ці адбудзецца сёлета Плошча, а — ці паўторыцца Плошча дзесяцігадовай даўнасьці, з брутальным разгонам, зьбіцьцём, арыштамі соцень людзей і крымінальнымі тэрмінамі для дзясяткаў, у тым ліку і былых кандыдатаў у прэзыдэнты?

Просты адказ — можа паўтарыцца. Пра небясьпеку гэтага заявіў днямі прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду, кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. На думку некаторых экспэртаў, Алег Гайдукевіч раптоўна выйшаў з выбарчай гонкі ня толькі і ня столькі таму, што яму гэта параілі з Адміністрацыі прэзыдэнта, а таму, што адчуў, як і яго бацька 10 гадоў таму, што ўсё можа абярнуцца вельмі сурова і лепш пад гэты каток не трапляць.

Пакуль асноўныя альтэрнатыўныя прэтэндэнты відавочна Плошчы ня хочуць. Віктар Бабарыка пра гэта гаворыць наўпрост. Уся стылістыка ягонай кампаніі, прынамсі, пакуль — яна пра мірную зьмену ўлады. Варта адзначыць, што і прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага — яны ж сотнямі прыходзяць падпісвацца за яго жонку як за кандыдата ў прэзыдэнты, а не зрынаць уладу сілай.

І яны, прынамсі пакуль, прымаюць правілы мірнай, працэдурнай зьмены ўлады.

Наконт беларускіх Плошчаў часам гаворыцца — людзі выходзілі не за кандыдатаў, не за Мілінкевіча ці Казуліна ў 2006-м, не за Саньнікава, Някляева ці Статкевіча ў 2010-м. І так, і не. У 2015 годзе на плошчу выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Чаму б, здавалася? Калі людзі выходзяць не за кандыдатаў, то чаму Караткевіч горшая нагода выйсьці, чым, скажам, Мілінкевіч ці Саньнікаў? Але Плошчы-2015 не было, таму што на ранейшыя Плошчы выходзілі ўсё ж за свой выбар, а ня толькі проста таму, што «дастаў».

Калі ў сьвеце перамагаюць Плошчы, Майданы? Калі за людзьмі, якія выходзяць на іх, — нябачныя, але адчувальныя мільёны. І калі адчуваюць волю гэтых мільёнаў ня толькі тыя, хто стаіць на Плошчы, але і тыя, хто ім супрацьстаіць — людзі ў пагонах і з дубінкамі, якія ўсё ж іх суайчыньнікі, якія адзін з пратэстоўцамі народ.

Калі Плошча — гэта па сутнасьці пераварот, яна прайграе. А выйграе толькі тады, калі выйграе змаганьне за розумы і сэрцы ў тым ліку і людзей у пагонах і з дубінкамі, калі забясьпечвае іх калі не падтрымку, то прынамсі нэўтралітэт, адмову выконваць загад на падаўленьне. Плошчы ніколі не выйграе апазыцыя, толькі народ.

Так было паўсюль і заўжды. Адносна сьвежы прыклад — Армэнія 2018 году.

Ці будзе сёлета ў Беларусі такая Плошча? Гэта стане зразумелым з хады выбарчай кампаніі. Калі падтрымка Віктара Бабарыкі на выбарах, а Сяргея Ціханоўскага — на выбарах ягонай жонкі, будзе надзвычай, беспрэцэдэнтна высокай, — гэта магчыма. Тады і традыцыйная беларуская пасьлявыбарчая Плошча, магчыма, і не спатрэбіцца ці будзе іншай, непадобнай ні да 2006, ні да 2010 году.

У 2017 годзе «антыдармаедзкія» пратэсты не спарадзілі Плошчу. На Дзень Волі тады спроба сабраць Плошчу была падаўленая. Але народ дамогся свайго. Ён заўсёды свайго дамагаецца. Раней ці пазьней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG