Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто мае права на «шэнген»? Візавыя цэнтры ў Беларусі працуюць, але прымаюць ня ўсіх


Візавы цэнтар Польшчы, архіўнае фота

Ад 1 ліпеня шэнгенскія візы патаньнелі для беларусаў з 80 да 35 эўра, але аформіць іх па-ранейшаму складана.

Няма пэўнасьці і зь перасячэньнем наземных межаў. Нягледзячы на тое, што краіны Эўразьвязу паступова здымаюць унутраныя абмежаваньні на перамяшчэньне, грамадзянаў Беларусі гэта ня тычыцца. Эпідэміялягічная сытуацыя тут прызнаная нездавальняючай.

Тым ня меней, асобныя катэгорыі беларусаў могуць атрымаць візы і выехаць за мяжу.

Шэнгенскія візы пакуль толькі ў італьянцаў

Заявы на ўсе віды караткатэрміновых шэнгенскіх візаў (турызм, дзелавая і г.д.) прымае толькі візавы цэнтар Італіі ў Менску па вуліцы Няміга, 40.

Праўда, працуе ён па скарочаным графіку, двойчы на тыдзень — па панядзелках і чацьвяргах.

Працэдура застаецца ранейшай: неабходна зарэгістравацца на сайце і выбраць зручны час падачы.

Чатыры катэгорыі заяўнікаў у палякаў

У сярэдзіне траўня аднавілі працу тры візавыя цэнтры Польшчы — у Менску, Берасьці, Горадні. Аднак аформіць дакумэнты пакуль што могуць толькі канкрэтныя катэгорыі заяўнікаў на наступныя візы.

  • Польскія рабочыя візы
  • Нацыянальныя візы па карце паляка
  • Дзелавыя шэнген-візы для кіроўцоў-міжнароднікаў
  • Нацыянальныя візы на вучобу

Пры гэтым кожнаму наведніку памераюць тэмпэратуру — з 37 градусамі і вышэй дапускаць у памяшканьне ня будуць. Іншым грамадзянам рэкамэндуюць сачыць за абвесткамі.

Абмежаваны візавы сьпіс у амбасадзе Латвіі

З абмежаваным, але досыць шырокім колам заяўнікаў працуе амбасада Латвіі ў Менску. На сайце візавага цэнтру акрэсьлены наступныя групы:

  • Міжнародныя аўтаперавозчыкі
  • Маракі цывільнага флёту
  • Муж і жонка грамадзян і неграмадзян Латвійскай Рэспублікі, іхныя дзеці ва ўзросьце да 21 году і асобы, якія знаходзяцца пад апекай, чыё пастаяннае месца жыхарства знаходзіцца за межамі Латвіі
  • Асобы, якія атрымалі станоўчае рашэньне аб выдачы або рэгістрацыі віду на жыхарства (за выключэньнем студэнтаў)
  • Асобы, якія едуць у Латвію ў сувязі зь цяжкай хваробай ці на пахаваньне блізкага сваяка
  • Супрацоўнікі і спэцыялісты (а таксама сэзонныя работнікі), якія маюць пацьверджаньне неабходнасьці ўезду ў Латвію ад Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця.

Прыём заяваў з мэтай турызму, спартыўных і культурных імпрэзаў часова прыпынены.

Надзвычайныя прычыны ў літоўцаў

Ад 18 чэрвеня візавыя цэнтры Літвы ў Менску і Горадні прымаюць дакумэнты на візы катэгорыі D па ўсіх мэтах паездкі, а таксама на візы катэгорыі С для кіроўцаў, якія ажыцьцяўляюць грузаперавозкі.

Таксама ў пераліку прэтэндэнты з асабліва важкімі прычынамі:

  • Чальцы сем’яў (бацькі, дзеці, муж і жонка, апекуны) грамадзян Літоўскай Рэспублікі і іншаземцаў, якія маюць сталы від на жыхарства ў Літве
  • Асобы, якія маюць дазвол на ўезд у Літву, выдадзены міністрамі культуры або замежных спраў, або ўрадам Літоўскай Рэспублікі.

Прыём згаданых катэгорый ажыцьцяўляецца толькі пры папярэднім запісе. Заяўнікі па-за сьпісам не абслугоўваюцца.

У чаканьні ўрадавых распараджэньняў

На сайтах бальшыні амбасадаў краін Эўразьвязу ў Беларусі адзначаецца, што з увядзеньнем надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу прыём заяваў на шэнгенскія і доўгатэрміновыя візы прыпынены да асаблівага распараджэньня нацыянальных ўрадаў.

У тэрміновых справах дыпляматы раяць зьвяртацца наўпрост да консула той ці іншай дзяржавы.

Тым часам беларусы ўжо могуць скарыстацца некаторымі чартэрнымі праграмамі, якія не патрабуюць візаў. Першай для турыстаў адкрыла свае межы Альбанія, сьледам гэта зрабіла Турэччына, а зь 10 ліпеня аднаўляюцца авіярэйсы ў Чарнагорыю.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG