Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Telegram-канал і чаты Ціханоўскага ўзламалі, разьмясьцілі сымболіку БРСМ


Telegram-канал «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага ўзламаны
Telegram-канал «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага ўзламаны

Днём 19 чэрвеня Telegram-канал «Страна для жизни», а затым і чат каналу, быў узламаны невядомымі. Канал і чат былі прысьвечаныя зьняволенаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму і патэнцыйнай кандыдатцы ў прэзыдэнты Сьвятлане Ціханоўскай. Цяпер жа на іх разьмешчаная сымболіка кампаніі БРСМ «#раЗАм».

Ці зьвязаны ўзлом з праўладным Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, невядома. У гэтай арганізацыі Свабодзе паабяцалі разабрацца і адказаць пазьней, «на гэты момант такой інфармацыі няма».

На момант публікацыі канал закрыты як прыватны (пэўны час выдавалася паведамленьне, што закрыты, бо «парушаў правілы Telegram»), зь яго паступова (верагодна, уручную па адным) выдаляюць удзельнікаў. Актыўным застаецца перайменаваны галоўны чат, зь яго таксама зьнікаюць удзельнікі. Рэгіянальныя чаты і старонкі «Страна для жизни» ў іншых сацыяльных сетках застаюцца актыўнымі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG