Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваахоўныя органы Ўкраіны перадумалі арыштоўваць Парашэнку. Суд перанесьлі на ліпень


Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Пячэрскі раённы суд Кіева працягне 1 ліпеня разглядаць пытаньне аб абраньні папярэдняй меры стрыманьня ў дачыненьні да экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Былога кіраўніка Ўкраіны абвінавачваюць у «злачынным загадзе» і ціску на кіраўніка Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны, каб прызначыць ягоным намесьнікам Сяргея Семачку, чыя сям’я мела грамадзянства Расеі і вяла бізнэс у анэксаваным Крыме.

Такое рашэньне 18 чэрвеня абвясьціў судзьдзя Сяргей Воўк, які ў 2012 годзе вёў судовы працэс над тагачасным былым кіраўніком МУС Юрыем Луцэнкам і асудзіў яго на чатыры гады пазбаўленьня волі.

Раней пракуратура анансавала, што будзе патрабаваць арышту Пятра Парашэнкі з альтэрнатывай унясеньня закладу 10 мільёнаў грыўняў (амаль 400 тысяч даляраў у эквіваленце — РС), але ў судзе абвінавачаньне хадайнічала аб такой меры стрыманьня, як асабістыя абавязаньні — абмежаваньне права экс-прэзыдэнта на перамяшчэньне і паведамленьне сьледчым пра намер выехаць з Кіева.

Да будынку суду ў часе працэсу прыйшло шмат прыхільнікаў Пятра Парашэнкі, каб выказаць яму падтрымку і салідарнасьць. Сёньня павінна было адбыцца пахаваньне бацькі экс-прэзыдэнта Аляксея Парашэнкі, які памёр 16 чэрвеня. Пятро Парашэнка вымушаны быў перанесьці разьвітаньне з бацькам на іншы дзень, каб сёньня ўдзельнічаць у судовым пасяджэньні.

Сьледзтва абвінавачвае Пятра Парашэнку ў наўмысным перавышэньні ўладных правоў і паўнамоцтваў у асаблівы пэрыяд. Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, такія дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў.

10 чэрвеня генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава паведаміла, што супраць Пятра Парашэнкі пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады было заведзена больш як 20 спраў — у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай. Сярод абвінавачаньняў —

  • арганізацыя праходу караблёў праз Керчанскую затоку,
  • ухіленьне ад сплаты падаткаў, умяшаньне ў працу судоў,
  • незаконнае прызначэньне Ўладзімера Гройсмана прэм’ер-міністрам,
  • незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю ды іншыя.

Сёньня каля будынка суду Пятро Парашэнка паведаміў сваім прыхільнікам, што супраць яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, «за распальваньне міжрэлігійнай варожасьці», нібыта ў сувязі з наданьнем Томасу аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве. Сам Парашэнка адмаўляе ўдзел у любых супрацьзаконных дзеяньнях.

Паводле Канстытуцыі Ўкраіны прэзыдэнт карыстаецца правам недатыкальнасьці толькі на час выкананьня паўнамоцтваў. Званьне ж прэзыдэнта Ўкраіны захоўваецца за ім пажыцьцёва, калі толькі ён ня быў адхілены ад пасады ў парадку імпічмэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG