Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальныя справы супраць постсавецкіх экс-прэзыдэнтаў. За што і чым скончыліся


Былы прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качар'ян у судзе. Верасень 2019. Ілюстрацыйнае фота.

За амаль 26 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі практычна ва ўсіх краінах былога СССР мяняліся прэзыдэнты. Многія зь іх пасьля зыходу альбо зрынаньня рабіліся фігурантамі крымінальных справаў.

Кіраўнікі Ўкраіны і Кіргізстану Віктар Януковіч і Курманбек Бакіеў сталі экс-прэзыдэнтамі-ўцекачамі. Былыя прэзыдэнты Армэніі і Кіргізстану Робэрт Качар'ян і Алмазьбек Атамбаеў знаходзяцца пад арыштам. Супраць Пятра Парашэнкі новыя ўлады Ўкраіны распачалі каля 14 крымінальных справаў.

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на найвышэйшую пасаду Ганна Канапацкая ў часе дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў выступіла з ініцыятывай закону аб гарантыях для былога прэзыдэнта. Ідэя не была рэалізаваная і выклікала шмат крытыкі ў шэрагах праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Закон аб гарантыях былому прэзыдэнту зьбіраюцца цяпер прымаць у Расеі. У некаторых постсавецкіх краінах прэзыдэнт страчвае недатыкальнасьць, пакідаючы пасаду. У тых жа краінах, дзе закон прадугледжвае недатыкальнасьць былога прэзыдэнта, часам дзейныя ўлады знаходзяць спосабы прыцягнуць былога кіраўніка да крымінальнай адказнасьці.

У чым абвінавачваюць былых прэзыдэнтаў? Чаму большасьць абвінаваўчых прысудаў завочныя? Прапануем агляд найбольш гучных крымінальных справаў супраць былых прэзыдэнтаў.

Украіна: толькі адзін зь пяці не фігураваў у крымінальных справах

За ўсю гісторыю незалежнай Украіны толькі адзін з 5 прэзыдэнтаў — Леанід Краўчук — не фігураваў у крымінальных справах пасьля пакіданьня пасады.

2019 год. Віктар Януковіч
2019 год. Віктар Януковіч

Віктар Януковіч уцёк у Расею ў выніку Майдану ў 2014 годзе, яго пазбавілі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Супраць Януковіча завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за незаконнае завалоданьне зямельнымі ўчасткамі, за незаконную прыватызацыю, стварэньне злачыннай групоўкі, забойствы на Майдане. У 2019 годзе кіеўскі суд прызнаў яго вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і спробе замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і пакараў завочна на 13 гадоў зьняволеньня.

2019 год. Леанід Кучма
2019 год. Леанід Кучма

Супраць Леаніда Кучмы крымінальную справу заводзілі двойчы — у 2002 і 2011 годзе яго абвінавачвалі ў незаконных загадах МУС, якія прывялі да забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Экс-прэзыдэнт некаторы час знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, пазьней усе справы закрылі.

Віктар Юшчанка, 2019 год.
Віктар Юшчанка, 2019 год.

У 2019 годзе Віктар Юшчанка быў падазраваным у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб вывадзе рэзыдэнцыі «Межігір’я» зь дзяржаўнай уласнасьці ў 2007 годзе. Справа дагэтуль не закрытая, але працэсуальнай актыўнасьці цяпер у ёй няма.

Пятро Парашэнка, 2019 год.
Пятро Парашэнка, 2019 год.

Супраць Пятра Парашэнкі пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады было заведзена 14 крымінальных справаў – у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай. Сярод абвінавачаньняў -- арганізацыя праходу караблёў праз Керчанскую затоку, ухіленьне ад падаткаў, умяшаньне ў працу судоў, незаконнае прызначэньне Гройсмана прэм’ер-міністрам, незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю ды іншыя. Парашэнка адмаўляе ўдзел у любых супрацьзаконных дзеяньнях.

  • Паводле Канстытуцыі Ўкраіны, прэзыдэнт карыстаецца правам недатыкальнасьці толькі на час выкананьня паўнамоцтваў. Званьне прэзыдэнта Ўкраіны захоўваецца за ім пажыцьцёва, калі толькі ён ня быў зрынуты з пасады ў парадку імпічмэнту.

Грузія: справы супраць Гамсахурдыя і Саакашвілі

1991 год. Зьвіяд Гамасахурдыя
1991 год. Зьвіяд Гамасахурдыя

Супраць першага кіраўніка незалежнай Грузіі Зьвіяда Гамсахурдыя (выбраны ў 1991 годзе) пасьля яго зьвяржэньня ў 1992 годзе выставілі абвінавачаньні ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, крадзяжы дзяржаўных сродкаў і зьнішчэньні архітэктурных помнікаў. Справа не была завершаная, бо Гамсахурдыя загінуў 31 жніўня 1993 году пры нявысьветленых абставінах.

2020 год Мікаэл Саакашвілі
2020 год Мікаэл Саакашвілі

На трэцяга прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі ў Грузіі заведзена адразу некалькі крымінальных справаў. Яго падазраюць у растраце дзяржаўных сродкаў, перавышэньні паўнамоцтваў у сувязі з разгонам акцыі пратэсту і ў датычнасьці да зьбіцьця апазыцыянэра. Саакашвілі завочна асуджаны на турэмныя тэрміны (на 3 і 6 гадоў турмы) і абвешчаны ў дзяржаўны вышук. Саакашвілі адхіляе выстаўленыя абвінавачаньні.

Азэрбайджан: крымінальныя справы супраць двух першых былых прэзыдэнтаў

Аяз Муталібаў. Архіўнае фота.
Аяз Муталібаў. Архіўнае фота.

Першы прэзыдэнт Азэрбайджану Аяз Муталібаў падаў у адстаўку ў 1992 годзе, пасьля чаго ў розныя гады супраць яго заводзілі крымінальныя справы, у рамках якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы гвалтоўнага захопу ўлады і ў іншых цяжкіх злачынствах. Муталібаў уцёк у Расею. У 2012 годзе ён атрымаў недатыкальнасьць як былы прэзыдэнт і вярнуўся ў Баку.

1992 год. Абульфаз Эльчыбэй з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным.
1992 год. Абульфаз Эльчыбэй з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным.

Крымінальныя справы былі заведзеныя супраць другога прэзыдэнта Азэрбайджану, першага дэмакратычна выбранага прэзыдэнта Абульфаза Эльчыбэя, які пабыў на гэтай пасадзе менш за год і быў адхілены ад улады ў 1993-м. Эльчыбэй выступаў з абвінавачваньнямі супраць наступнага прэзыдэнта Гейдара Аліева, у выніку супраць самога Эльчыбэя завялі крымінальную справу за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта. Справа не дайшла да суду.

  • У Азэрбайджане прыняты закон аб гарантыях былому прэзыдэнту і чальцам яго сям'і.

Армэнія: былы прэзыдэнт другі год пад арыштам

Робэрт Качар'ян у судзе. 2019 год.
Робэрт Качар'ян у судзе. 2019 год.

Робэрт Качар'ян быў прэзыдэнтам два тэрміны, з 1998 па 2008 год. У 2018 годзе яго абвінавацілі ў гвалтоўным зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу – паводле абвінавачаньня, гэтаму садзейнічаў сакрэтны загад аб увядзеньні надзвычайнага становішча і выкарыстаньня войска падчас палітычнага крызісу ў 2008 годзе. У рамках гэтай справы ў статусе сьведкі праходзіць і былы прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян.

Качар'ян лічыць крымінальны перасьлед палітычнай помстай новага прэм'ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна. Другі прэзыдэнт Армэніі знаходзіцца пад арыштам з 25 чэрвеня мінулага году. Сёлета ў траўні яму зрабілі апэрацыю. Рашэньнем суду яму дазволілі да канца пандэміі каранавірусу заставацца ў мэдычным цэнтры.

  • У Армэніі прыняты закон аб недатыкальнасьці былога прэзыдэнта, і паплечнікі Качар'яна мяркуюць, што дзейныя ўлады парушылі гэты закон, арыштаваўшы экс-прэзыдэнта.

Кіргізстан: турэмныя тэрміны супраць былых прэзыдэнтаў

Аксар Акаеў. 2016 год.
Аксар Акаеў. 2016 год.

Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе ў выніку «тульпанавай рэвалюцыі» склаў зь сябе паўнамоцтвы і ўцёк у Расею. Акаеў фармальна ня быў абвінавачаным, але ён не наведвае Кіргізстан, баючыся стаць фігурантам адной з крымінальных справаў супраць яго сваякоў і былых паплечнікаў.

2017 год. Курманбек Бакіеў
2017 год. Курманбек Бакіеў

Крымінальная справа супраць зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева была заведзена пасьля яго ўцёкаў з Кіргізстану ў Беларусь. Бакіеў завочна прызнаны вінаватым у саўдзеле ў арганізацыі масавага забойства 7 красавіку 2010 году. У 2016 годзе суд у Кіргізстане зьмяніў яму ранейшы прысуд (пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) на 30-гадовы турэмны тэрмін. Кіргізстан дамагаецца ад Беларусі выдачы Бакіева на працягу апошніх 10 гадоў, беларускі бок адмаўляе ў выдачы з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу на радзіме.

Алмазьбек Атамбаеў. 2019 год.
Алмазьбек Атамбаеў. 2019 год.

Алмазьбек Атамбаеў стаў першым прэзыдэнтам краіны, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі. Атамбаеў таксама стаў першым кіргіскім лідэрам, які апынуўся ў зьняволеньні. Атамбаева арыштавалі ў пачатку жніўня 2019 году. Ён праходзіў сьведкам у справе аб карупцыі, аднак адмаўляўся ісьці на допыт. Супрацьстаяньне зь сілавікамі скончылася штурмам дома Атамбаева, у якім загінуў афіцэр спэцназу. У выніку экс-кіраўніку краіны выставілі абвінавачваньні ў забойстве, ужываньні гвалту супраць прадстаўніка ўлады і арганізацыі масавых беспарадкаў. Атамбаеў лічыць абвінавачаньні палітычна матываванымі.

  • У Кіргізстане ў адпаведнасьці з законам аб гарантыях дзейнасьці прэзыдэнта і статусе экс-прэзыдэнта былы кіраўнік дзяржавы мае недатыкальнасьць і ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за дзеяньні або бязьдзейнасьць у пэрыяд прэзыдэнцкага тэрміну. Ён можа быць прыцягнуты да суду толькі пасьля пазбаўленьня прывілеяў, прадугледжаных статусам экс-прэзыдэнта.


А што ў іншых краінах. Сьцісла

  • У Расеі сёлета ў законапраект аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю РФ прапанавалі папраўку, згодна зь якой прэзыдэнт, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў, мае недатыкальнасьць. Супраць былых прэзыдэнтаў Расеі і раней не пачыналі крымінальнага перасьледу. Былі спробы завесьці крымінальную справу супраць былога прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова за развал СССР, але яна нічым ня скончылася.
  • У Казахстане ў 2000 годзе быў прыняты закон аб першым прэзыдэнце (Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт у 1990-2019 гадах), у адпаведнасьці зь якім пасьля адстаўкі першы прэзыдэнт ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці "за дзеяньні, учыненыя ў пэрыяд выкананьня ім паўнамоцтваў прэзыдэнта".
  • У Туркмэністане паводле заканадаўства, былы кіраўнік ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці "за дзеяньні, праведзеныя ім у пэрыяд выкананьня паўнамоцтваў прэзыдэнта".
  • Ва Ўзбэкістане былы кіраўнік дзяржавы мае недатыкальнасьць на працягу ўсяго жыцьця. Ён ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці іншай адказнасьці за дзеяньні, зьвязаныя з выкананьнем iм паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.
  • У Беларусі няма закону, якія прадугледжвае прававы статус і гарантыі для былога прэзыдэнта і яго сям'і. Як пакуль няма і былога прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG