Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі былы прэзыдэнт за кратамі. Пра што трэба ведаць дзейным кіраўнікам


Робэрт Качар'ян. Архіўнае фота.
Робэрт Качар'ян. Архіўнае фота.

Упершыню на постсавецкай прасторы трапіў за краты былы прэзыдэнт. Другі прэзыдэнт Армэніі 64-гадовы Робэрт Качар’ян, які кіраваў краінай з 1998 па 2008 год, абвінавачаны ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу.

Свабода пагутарыла зь людзьмі, якія маюць супрацьлеглыя погляды на дзейнасьць Робэрта Качар’яна і ягоны арышт. Гэта кіраўнік офісу другога прэзыдэнта Армэніі Віктар Сагаманьян і праваабаронца, кіраўнік ванадзорскага офісу Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі Артур Сакунц.

У чым абвінавачваюць Робэрта Качарʼяна

Крымінальная справа была распачатая з прычыны сілавога разгону акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2008 годзе, на якіх перамогу атрымаў Серж Саргсьян. 1 сакавіка 2008 году мітынгоўцы, прыхільнікі Лявона Тэр-Петрасьяна, які пацярпеў паразу на выбарах, патрабавалі перагляду вынікаў галасаваньня. У сутычках з паліцыяй загінулі 10 чалавек, сотні чалавек былі параненыя. Было абвешчана надзвычайнае становішча, пратэсты ў краіне спыніліся. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад прымяніць сілу супраць пратэстоўцаў, да гэтага часу застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Роберт Качар’ян.

Адным з арганізатараў мітынгаў 2008 году быў цяперашні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. У 2010 годзе паводле абвінавачваньня ў арганізацыі беспарадкаў яго асудзілі да сямі гадоў калёніі. У траўні 2011 году Пашыньян выйшаў на волю па амністыі.

Калі летась Пашыньян стаў прэмʼерам-міністрам, Качарʼян быў арыштаваны за спробу зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу. Пасьля Апэляцыйны суд адмяніў рашэньне суду на падставе недатыкальнасьці, якая прадастаўляецца прэзыдэнту Канстытуцыяй. Было праведзенае новае расьсьледаваньне і Апэляцыйны суд 7 сьнежня 2018 году вынес рашэньне на карысьць паўторнага арышту экс-прэзыдэнта. У лютым экс-прэзыдэнту выставілі яшчэ адно абвінавачаньне — у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

Як ставяцца ад арышту праціўнікі і прыхільнікі Робэрта Качарʼяна

Артур Сакунц. Ліпень 2018 году.
Артур Сакунц. Ліпень 2018 году.

​Праваабаронца, кіраўнік ванадзорскага офісу Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі Артур Сакунц кажа, што «больш за 10 гадоў людзі ў Армэніі чакалі правасудзьдзя, якога не зрабіў і нават тармазіў трэці прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсьян». Паводле праваабаронцы, Качарʼян ніколі нічога публічна не гаварыў пра падзеі сакавіка 2018 году: «Ніводнага слова, нават элемэнтарнага спачуваньня да родных загінулых. Ён лічыць, што ён не вінаваты. Цяпер узяў тактыку, што ня быў у курсе "Сакрэтнага загаду 0038″ аб ужываньні сілы». Паводле Артура Сакунца, цяпер многія людзі ў Армэніі вітаюць арышт былога прэзыдэнта.

7 сьнежня 2018 году. Віктар Сагаманьян падчас прэсавай канфэрэнцыі.
7 сьнежня 2018 году. Віктар Сагаманьян падчас прэсавай канфэрэнцыі.

​Кіраўнік офісу другога прэзыдэнта Армэніі Віктар Сагаманьян называе абсурднымі выстаўленыя Робэрту Качарʼяну абвінавачваньні ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу ў сакавіку 2008 году. «Гэтае абвінавачваньне ні з юрыдычнага, ні зь іншага пункту гледжаньня не вытрымлівае ніякай крытыкі, яно надуманае. Прэзыдэнт выступаў як гарант Канстытуцыі і ня мог зьвергнуць канстытуцыйны лад. Недарма многа палітолягаў і палітыкаў называюць яго першым палітычным вязьнем у Армэніі». Віктар Сагаманьян лічыць, што рашэньне аб арышце Робэрта Качарʼяна прымалася на палітычным узроўні «у абыход Канстытуцыйных норм і законаў».

Чым было адметнае прэзыдэнцтва Робэрта Качарʼяна

Робэрт Качарʼян быў другім прэзыдэнтам Армэніі з 1998 па 2008 год. Да гэтага ён быў прэмʼер-міністрам Армэніі, першым прэзыдэнтам непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, адным з лідэраў руху за выхад Нагорна-Карабахскай Аўтаномнай вобласьці з Азэрбайджанскай ССР і яе наступнае ўключэньне ў склад Армэніі. Калі ў кастрычніку 1999 года адбыўся тэракт у армянскім парлямэнце, прэзыдэнт асабіста вёў перамовы з тэрарыстамі і ўгаварыў іх здацца.

Падчас прэзыдэнцтва Качарʼяна Армэнія ўступіла ў Раду Эўропы і Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Робэрт Качарʼян заяўляў, што ў пэрспэктыве бачыць Армэнію краінай, пабудаванай на эўрапейскіх каштоўнасьцях і па эўрапейскай мадэлі дзяржаўнага ладу. У той жа час Расея ў часе ягонага кіраваньня выйшла на першае месца па аб’ёме інвэстыцый у Армэнію, расейскія кампаніі валодаюць буйнымі прадпрыемствамі, энэргетычнымі, банкаўскімі, страхавымі кампаніямі Армэніі.

У якіх умовах знаходзіцца за кратамі былы прэзыдэнт Армэніі

Ён сядзіць у турме, якая знаходзіцца ў будынку Службы нацыянальнай бясьпекі (былы будынак КДБ). Паводле праваабаронцы Артура Сакунца, умовы там непараўнальна лепшыя, чым у іншых турмах Армэніі. Традыцыйны там трымаць людзей, абвінавачаных у злачынствах супраць дзяржавы. Нядаўна былога прэзыдэнта наведалі прадстаўнікі амбудсмэна па прэвэнцыі катаваньняў. Пасьля гэтага візыту Качарʼяну дазволілі мець кампутар, але паводле кіраўніка офісу экс-прэзыдэнта Віктара Сагаманьяна, кампутар да зьняволенага так і не дайшоў.

У гэтай турме няма адзіночных камэр, але былы прэзыдэнт знаходзіцца ў камэры адзін. Ён мае гадзіну прагулкі штодня. Сьледчыя абмежавалі спатканьні. Спачатку Качарʼяну было дазволена сустракацца толькі з адвакатамі, зь нядаўняга часу — і з членамі сямʼі. Паводле Віктара Сагаманьяна, экс-прэзыдэнт за кратамі шмат чытае і займаецца спортам. На самаадчуваньне і праблемы са здароўем ня скардзіцца.

Як прайшла прэзэнтацыя аўтабіяграфіі Качарʼяна, калі сам ён быў за кратамі

За апошнія некалькі гадоў Робэрт Качарʼян напісаў кнігу «Жыцьцё і свабода. Аўтабіяграфія экс-прэзыдэнта Армэніі і Карабаху». Як гаворыцца ў анатацыі, аўтар прадставіў малавядомыя факты як са свайго дзяцінства, так і палітычнай дзейнасьці ў Нагорным Карабаху, Армэніі, і ў постпрэзыдэнцкі пэрыяд. Кніга выйшла летась у лістападзе ў расейскім выдавецтве «Інтэлектуальная літаратура».

Паводле кіраўніка офісу Качарʼяна Віктара Сагаманьяна, гэтая кніга цяпер цяпер — адна з самых прадаваных біяграфій у маскоўскіх кніжных крамах. Неўзабаве твор выйдзе на армянскай мове. Робэрт Качарʼян плянаваў правесьці тры прэзэнтацыі кнігі — у Маскве, Ерэване і Сцепанакерце. Пакуль адбылася толькі адна прэзэнтацыя ў Сцепанакерце, 28 студзеня 2018 году кнігу прадставіла ягоная жонка Бэла Качарʼян.

Седрак Качар'ян
Седрак Качар'ян

У Робэрта Качарʼяна трое дзяцей і трое ўнукаў. Усе яны знаходзяцца ў Армэніі. 18 лютага сыну экс-прэзыдэнта Седраку Качарʼяну выставілі абвінавачваньні ў адмываньні грошай і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Ён цяпер знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

Ці захаваў Качарʼян​ недатыкальнасьць, офіс і пэнсію былога прэзыдэнта

У 2015 годзе Робэрт Качарʼян, адказваючы на пытаньні Свабоды ў рамках праекту ​"Расея і я", расказаў, што мае, як былы прэзыдэнт, офіс, ахову, дом: «Закон быў прыняты яшчэ да мяне, у пэрыяд першага прэзыдэнта Армэніі. Я думаю, гэта стандартны падыход, які адаптаваны для многіх краінаў. Транспарт, ахова... Пэнсія — 70% ад заробку дзейнага прэзыдэнта». Цяпер паводле Віктара Сагаманьяна, усе рахункі былога прэзыдэнта арыштаваныя, ён ня можа атрымліваць пэнсію былога прэзыдэнта, якая яму належыць паводле закону. Офіс былога прэзыдэнта працуе, але «магу меркаваць, што і гэтаму можа прыйсьці канец», — мяркуе кіраўнік ягонага офісу.

Робэрт Качаран: Можна санкцыямі аслабіць Расею, але не прымусіць памяняць прынцыповыя рашэньні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:17:04 0:00

«Канстытуцыя прадугледжвае недатыкальнасьць, імунітэт для былых прэзыдэнтаў ва ўсіх дзеяньнях, якія рабіліся ў рамках ягоных паўнамоцтваў. І нават гэта не перашкодзіла спэцыяльнай сьледчай службе і па сутнасьці ўладам Армэніі выставіць яму абсурдныя абвінавачваньні і па сутнасьці парушаючы Канстытуцыю, арыштаваць», — лічыць Віктар Сагаманян.

Праваабаронца Артур Сакунц мае іншы погляд на недатыкальнасьць былога прэзыдэнта: «Калі ён памяняў Канстытуцыю ў 2005 годзе, то там увялі пункт, што ня можа быць крымінальнага перасьледу былога прэзыдэнта за дзейнасьць на пасадзе прэзыдэнта. Але ёсьць у Канстытуцыі Армэніі артыкул, што ўсе роўныя перад законам, і кожны павінен адказваць за супрацьзаконныя дзеяньні. Недатыкальнасьць можа быць толькі ў дачыненьні да канстытуцыйных дзеяньняў у рамках яго паўнамоцтваў. Але ў рамках ягоных паўнамоцтваў не было забойства людзей».

Што пагражае былому прэзыдэнту Армэніі

Калі суд прызнае ягоную віну, экс-прэзыдэнту Армэніі пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Качарʼян называе выстаўленыя яму абвінавачваньні палітычна матываванымі, а справу — сфабрыкаванай.

Адвакаты Робэрта Качарʼяна падалі шматлікія скаргі, у тым ліку і ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. «Няма сумневаў, што мы атрымаем рашэньне, паводле якога і арышт, і крымінальныя справа будуць прызнаныя незаконнымі. Патрэбны час. Што тычыцца правасудзьдзя ўнутры Армэніі, мы не губляем надзеі, што яно адбудзецца таксама, аднак улічваючы пад якім палітычным ціскам працуюць армянскія суды і правасудзьдзе ў цэлым, баюся, што з гэтым будуць пэўныя праблемы», — кажа кіраўнік офісу Робэрта Качарʼяна.

Які прыклад можа даць Беларусі арышт былога прэзыдэнта

2000 год. Робэрт Качар'ян і Аляксандар Лукашэнка
2000 год. Робэрт Качар'ян і Аляксандар Лукашэнка

Робэрт Качарʼян падчас 10 гадоў прэзыдэнцтва неаднаразова сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Некалькі разоў кіраўнік Беларусі прыяжджаў у Армэнію і бачыўся з ужо былым прэзыдэнтам. У інтэрвію Свабодзе пра Аляксандра Лукашэнку Робэрт Качарʼян выказаўся наступным чынам:

— Ролю прэзыдэнта хай ацэньвае ўласны народ, уласная палітычная эліта, партыі. Я ня стаў бы ўваходзіць у гэтую сфэру чыста з этычных меркаваньняў. Для мяне гэта прэзыдэнт, зь якім былі вельмі добрыя асабістыя адносіны, прэзыдэнт, зь якім мы дамаўляліся, і ён, як правіла, трымаў сваё слова. Усе нашы дамоўленасьці рэалізоўваліся, двухбаковыя адносіны стабільна разьвіваліся. І пасьля прэзыдэнцтва ў нас выдатныя кантакты. У асабістым пляне ў мяне застаўся толькі пазытыў. Усё астатняе — гэта тэма іншая...

А вось як Качарʼян адказаў на пытаньне, чаму добра быць былым прэзыдэнтам.

— Што тычыцца канкрэтна майго выбару, гэта найперш Канстытуцыя, якая прадугледжвала ня больш за два тэрміны запар, і другое — гэта пэрсанальнае адчуваньне асабістай свабоды і магчымасьці сумяшчэньня гэтай асабістай свабоды з займаемай пасадай. Але гэта ўсё занадта асабіста, занадта пэрсанальна, і кожны палітык, напэўна, сам вырашае, як яму быць. Гісторыя ведае прыклады як вельмі ўдалага працяглага знаходжаньня ва ўладзе, так і вельмі катастрафічнага знаходжаньня ва ўладзе, гэта значыць ацэньваць усё трэба ўжо па выніках.

Я запыталася ў праваабаронцы Артура Сакунца, які прыклад, якое пасланьне для Беларусі нясе арышт былога прэзыдэнта, які, адрозна ад кіраўніка Беларусі, не фальсыфікаваў выбары, і сышоў па заканчэньні сваіх паўнамоцтваў? Ці ня будуць аўтарытарныя кіраўнікі яшчэ больш трымацца за ўладу і баяцца сыходзіць, гледзячы на арыштаванага былога прэзыдэнта Армэніі?

Артур Сакунц лічыць, што гэта прыклад не для аўтарытарных кіраўнікоў, а для народу:

— Армянскі прыклад паказвае, што калі народ хоча, ён можа ўладу памяняць бяз гвалту. Што да аўтарытарных лідэраў у рамках АДКБ і СНД, то прыклад армянскай аксамітнай рэвалюцыі тычыцца грамадзянаў, якія ўсьведамляюць, што ніводзін дыктатар, аўтарытарны лідэр ня вечны, і людзі могуць і маюць магчымасьць іх зрынуць. Гэта галоўнае. А што будзе думаць Лукашэнка, Аліеў, Пуцін ці Назарбаеў, мае другаснае значэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG