Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Беларусі назіральнікам забараняюць сачыць за праверкай подпісаў


Ілюстрацыйнае фота. Пікет па зборы подпісаў за Віктара Бабарыку ў Бабруйску, 15 чэрвеня

Раённыя тэрытарыяльныя камісіі па ўсёй Беларусі адхіляюць заявы назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на права прысутнічаць і назіраць за сапраўднасьцю здадзеных подпісаў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Горадня

Адмовы прысутнічаць пры праверцы сапраўднасьці подпісаў горадзенскія назіральнікі Віктар Сазонаў і Святлана Рудкоўская атрымалі з розных камісій — Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Горадні, але маюць яны аднолькавы тэкст. Розьняцца толькі подпісы старшыняў гэтых камісій.

Старшыні раённых камісій спасылаюцца на Выбарчы кодэкс і сьцьвярджаюць, што подпісы будуць правярацца «ў рабочым парадку». На практыцы гэта азначае, што празрыстасьці ў праверцы здадзеных подпісаў па-ранейшаму ня будзе.

Віцебск

Тэрытарыяльная выбарчая камісія ў Віцебску забараніла назіральніку Леаніду Сьвеціку прысутнічаць пры праверцы подпісаў, а таксама фатаграфаваць і здымаць відэа на ўсіх стадыях працы Кастрычніцкай раённай камісіі.

Бяроза

Бярозаўская раённая камісія не дазволіла прысутнічаць пры праверцы подпісаў шматгадоваму назіральніку Сержуку Русецкаму.

Камісія спасылаецца на тое, што праверка подпісаў выбаршчыкаў «будзе арганізаваная ў рабочым парадку, а не на пасяджэньнях раённай камісіі». Пры гэтым, згодна з арт. 37 Выбарчага кодэксу, не прадугледжваецца іншых формаў працы выбарчай камісіі, акрамя пасяджэньняў. Камісія дазволіла назіральніку прысутнічаць «на пасяджэньнях раённай камісіі, дзе будуць разглядацца ў тым ліку і пытаньні па арганізацыі праверкі сапраўднасьці подпісаў у падпісных лістах і вызначэньні парадку адбору падпісных лістоў, устанаўленьні колькасьці подпісаў выбаршчыкаў па раёну, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэньня кандыдатаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG