Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнем грамадзяніна Расеі, валянтэра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай


Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы заявілі аб прызнаньні Андрэя Новікава палітвязьнем і запатрабавалі ягонага недакладнага вызваленьня і спыненьня крымінальнага перасьледу супраць яго, гаворыцца ў заяве, якую публікуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы пацьвярджаюць сваю пазыцыю, выкладзеную ў ранейшых заявах з нагоды затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, таксама прызнаных палітычнымі вязьнямі, і ў якіх яны патрабавалі ад уладаў спыніць ціск і запалохваньне людзей у сувязі зь іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Андрэй Новікаў — валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расеі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі, жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнялі да „несанкцыянаванага масавага мерапрыемства“. Затрымлівала яго цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а потым перавезьлі ў Менск у ІЧУ (адміністрацыйную турму) на завулку Акрэсьціна.

9 чэрвеня ў доме Новікава ў Прусах прайшоў петратрус. 12 чэрвеня яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Паводле крымінальнага артыкулу 342 яму пагражае да трох гадоў турмы.​

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG