Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі налічылі 3265 фэрмэрскіх гаспадарак. Больш, чым у Люксэмбургу, і менш, чым у Мальце


Фэрмэр Міхаіл Кавальчык, архіўнае фота
Фэрмэр Міхаіл Кавальчык, архіўнае фота

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі ў 2019 годзе было 3265 дзейных сялянскіх фэрмэрскіх гаспадарак. За 9 гадоў іх колькасьць павялічылася на траціну.

Звыш 70% гаспадарак займаюцца расьлінаводзтвам, на іх прыпадае больш за 90% фэрмэрскай прадукцыі.

Па стане на 1 студзеня 2020 году фэрмэры выкарыстоўвалі 213,9 тысячы гектараў зямлі (у тым ліку 150,7 тысячы га ворных земляў). За 9 гадоў гэты паказьнік павялічыўся на 85,5% (ворных — на 76,5%).

Фэрмэры маюць 2,5% сельскагаспадарчых земляў рэспублікі. Але пры тым даюць 20,5% аб’ёмаў вытворчасьці гародніны, 7,3% бульбы, 2,7% збожжа, 2,5% буракоў.

Аб’ём вытворчасьці прадукцыі ў фэрмэрскіх гаспадарках у параўнаньні з 2010 годам вырас у суадносных цэнах у 3,1 раза (расьлінаводзтва — у 3,5 раза, а жывёлагадоўлі толькі на 47,5%). Белстат адзначае, што ў тэмпах росту фэрмэры істотна абганяюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Беларускія фэрмы за год наэкспартавалі прадукцыі на 66,9 млн даляраў, у тым ліку прадалі за мяжу 127,7 тысячы тонаў бульбы, 15,9 тонаў яблыкаў і груш.

Тры тысячы фэрмаў — гэта шмат?

У Расеі на 1 студзеня налічылі 176,3 тысячы фэрмэрскіх гаспадарак, яны апрацоўвалі 60,2% пасяўных плошчаў. Фэрмэрскіх гаспадарак там у 54 разы больш, чым у Беларусі, пры насельніцтве, большым толькі ў 15,5 раза.

Ва Ўкраіне на сярэдзіну 2019 году налічылі 38 451 фэрмэрскае прадпрыемства (але чакаюць істотнага скарачэньня колькасьці фэрмэраў, на 10–12% за год). Гэта амаль у 12 разоў больш, чым у Беларусі, хоць насельніцтва Ўкраіны большае толькі ў 4,6 раза.

Сьвежай статыстыкі колькасьці фэрмэрскіх гаспадарак у краінах Эўразьвязу няма ў адкрытым доступе, але ў зьвестках Эўрастату ёсьць колькасьць «мэнэджараў фэрмаў» (якіх можа быць ня больш за аднаго на гаспадарку) на 2016 год. Статыстыка такая:

  • Польшча — 1 419 700 мэнэджараў фэрмаў (у 435 разоў больш за колькасьць фэрмаў у Беларусі на 2019 год пры насельніцтве, большым у 4 разы);
  • Літва — 150 320 (у 46 разоў больш, насельніцтва ў 3,5 раза менш);
  • Латвія — 69 930 (у 21 раз больш, насельніцтва ў 5 разоў менш).

Баўгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Партугалія і Чэхія пры насельніцтве, параўнальным зь беларускім, мелі адпаведна 202 720, 430 000, 684 950, 258 980 і 26 520 «мэнэджараў фэрмаў».

Найменш у Эўразьвязе мелі Мальта (9310 пры насельніцтве ў 441 тысячу чалавек) і Люксэмбург (1970 пры насельніцтве ў 626 тысяч).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG